Бог давярае нам. Аднаўленне святарскага “запавету” і асвячэнне алеяў падчас Імшы Хрызма ў Віцебску

1 красавіка, у Вялікую сераду, у Катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага па добрай традыцыі сабраліся святары з усёй Віцебскай дыяцэзіі каб аднавіць святарскія абяцанні і асвяціць алей хрызма, алей катэхумэнаў і алей, якім намашчаюць хворых.

Калі вернікі збіраліся на св. Імшу, а міністранты і хор старанна рыхтаваліся да здзяйснення сваіх паслуг, зусім побач з касцёлам, у канферэнц-зале, адбывалася яшчэ адна цікавая падзея — замена крыжоў-дыстынкторыяў грэміяльных канонікаў Катэдральнага капітула Віцебскай дыяцэзіі.  Крыж-дыстынкторый — гэта асаблівы нагрудны крыж, які носяць канонікі Катэдральнага капітула як бачнае сведчанне сваёй адказнасці Касцёлу і ўдзелу ў жыцці дыяцэзіі.

Таксама Біскуп Алег дазволіў грэміяльным канонікам накладаць крыж-дыстынкторый на арнат падчас цэлебрацыі св. Імшы.

На пачатку св. Імшы прысутных прывітаў біскуп Алег Буткевіч. “Гэтая Імша асаблівым чынам падкрэслівае адзінства прэзбітэрыя дыяцэзіі, таму вельмі радуюся вашай прысутнасці” – сказаў іерарх, асабліва прывітаючы архімандрыта Сяргея Гаека, апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі, дырэктара Карытас Беларусь кс. кан. Андрэя Аніскевіча, канонікаў Катэдральнага капітула і іншых прысутных святароў.

Падчас гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на дзве адметныя рысы Імшы Хрызма. “Першая з іх – гэта аднаўленне святарскага запавету з Езусам Хрыстом. Не проста прысягі, а менавіта запавету. Прысягі і абяцанні нібыта маюць больш юрыдычны характар, у той час як запавет мае на ўвазе адносіны з Асобай – Богам. Езус Хрыстус спадзяецца на нас, нашу вернасць, таму дае ўдзел у сваім святарстве, – сказаў іерарх, звяртаючыся да святароў. — Запавет не абмяжоўвае, а пакідае за чалавекам права выбару. А разам з ім дае пачуццё адараванасці і разуменне, што камусьці наша служба будзе патрэбна. Менавіта такі запавет жадаем сёння абнавіць.”

Затым біскуп адзначыў, што другім аспектам гэтай Імшы з’яўляецца асвячэнне алею хворых, алею катэхумэнаў і алею хрызма. “Няхай тыя, хто будзе карыстацца гэтымі алеямі ці ў якасці распарадчыкаў, ці тымі, хто будзе прымаць гэтую Божую ласку, няхай чыняць гэта з адноўленым сэрцам, цалкам адданым Хрысту,” – прамовіў іерарх.

Пасля гаміліі адбылася ўрачыстае аднаўлення святарскіх абяцанняў. “Хачу… хачу… хачу” – раз за разам гучаў стройны хор галасоў, адказваючых на пытанні біскупа. А калі пытанні скончыліся пастыр Віцебскай дыяцэзіі заахвоціў вернікаў маліцца за сваіх святароў.

У канцы Імшы біскуп Алег асобнай малітвай падзякаваў Богу “за сустрэчу, за ласку асвячэння алею, за новых кандыдатаў да святарства”. Пасля чаго ён павіншаваў ксяндза прэлата каноніка Францішка Кіселя і ксяндза Чэслава Курэчкі, якія ў гэты дзень адзначалі дзень нараджэння. Затым іерарх яшчэ раз падзякаваў святарам, законным сёстрам і свецкім вернікам за прысутнасць.

Завяршылася прамова шчырымі пажаданнямі на свята Вялікадня: “Жадаю ўсім нам, каб гэты час, у які ўваходзім, час святкавання найбольшай і найважнейшай падзеі ў жыцці чалавека – Уваскрасенне Пана – быў для нас сапраўды радасным і напоўненым глыбокімі перажываннямі”.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч і Леанід Юрык, фота

для друку для друку