Біскуп Буткевіч у Гудагаі: мы патрабуем перамен

Падчас урачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, што праходзілі 17–18 ліпеня, уначы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Эўхарыстыі папярэднічала прэзентацыя сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса, якія сёлета адзначаюць стагоддзе з моманту заснавання сваёй кангрэгацыі.

Дакладна апоўначы з касцёла выйшла працэсія з цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай.

Праходзячы па ахінутых цёплай летняй ноччу вуліцах мястэчка, удзельнікі працэсіі з паходнямі і свечкамі ў руках маліліся Хвалебныя таямніцы святога Ружанца.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч, які сёлета адзначае 40-годдзе святарства, падкрэсліў, што для яго Гудагай і фэст Маці Божай Шкаплернай, куды ён упершыню трапіў 33 гады таму, маюць асаблівае значэнне.

Менавіта тут падчас падобных урачыстасцяў у 1989 годзе было ўпершыню абвешчана, што Папа Яна Павел ІІ прызначыў першага пасля перыяду савецкіх ганенняў біскупа для беларускіх католікаў, якім стаў ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч.

З Божым словам да ўдзельнікаў святой Імшы звярнуўся наступнік арцыбіскупа Кандрусевіча на пасадзе Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Перадусім іерарх нагадаў прысутным гісторыю шкаплера, які Марыя роўна 770 гадоў таму перадала настаяцелю ордэна кармэлітаў як сродак абароны ад зла і знак Яе асаблівай матчынай апекі. Біскуп зазначыў, што з таго часу шкаплер набыў папулярнасць не толькі сярод манахаў, але ва ўсім Касцёле як зарука шчодрых ласкаў, якія праз заступніцтва Марыі вернікі атрымліваюць ад Бога на шляху да збаўлення. Пастыр звярнуў увагу на тое, што сёння, у наш трывожны час, мы зноў з надзеяй аддаемся пад абарону Багародзіцы, шукаючы ў Яе паратунку і заступніцтва.

«Мы патрабуем перамен. Але адзіная рэвалюцыя, якая можа сапраўды змяніць наш лёс да лепшага, як зазначыў яшчэ Папа Бэнэдыкт XVI, — гэта так званы „Капернікаўскі пераварот“. Раней лічылася, што не Зямля абарочваецца вакол Сонца, а, наадварот, Сонца круціцца вакол Зямлі. Менавіта такое ўражанне складалася ў людзей, якія бачылі, як яно штораніцы ўзыходзіць і штовечар апускаецца за далягляд. Славуты навуковец Мікалай Капернік не перавярнуў свет, але змяніў наш погляд на яго, адкрыўшы, што ў цэнтры нашай сістэмы знаходзіцца Сонца, вакол якога абарочваюцца планеты, у тым ліку і Зямля.

Менавіта такі „Капернікаўскі пераварот“ патрэбны нам сёння, каб мы не толькі ўсвядомілі, што ў цэнтры нашага жыцця знаходзіцца Бог, але каб жылі згодна з гэтай праўдай.

Тады, калі зменіцца наш погляд і падыход, адбудуцца такія патрэбныя перамены ў жыцці нашым асабістым, сямейным і грамадскім», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён дадаў, што гэтай перамене паспрыяе прыклад і заступніцтва Багародзіцы — пакорнай слугі Пана, у цэнтры жыцця якой заўсёды быў Бог і Яго святая воля.

кс. Мікола Гракаў, Catholic.by
Ірэна Ахрамовіч, фота

для друку для друку