Біскуп Буткевіч прызначыў новых канонікаў у Віцебскі катэдральны капітул

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 12 сакавіка 2024 года некаторых святароў Віцебскай дыяцэзіі ўзнагародзіў тытулам каноніка Віцебскага катэдральнага капітула. У сваім звароце да прысутных святароў біскуп нагадаў, што Віцебскі капітул з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі. Амаль праз два гады пасля ўстанаўлення Віцебскай дыяцэзіі на просьбу тагачаснага біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна Апостальская Сталіца ўстанавіла Віцебскі катэдральны капітул. Адбылося гэта 2 сакавіка 2001 года.

За гэты перыяд часу персанальны склад канонікаў істотна змяніўся. Некаторыя  з іх, такія як кс. Юзаф Булька, кс. Уладзіслаў Пятрайціс, кс. Міхал Юзвяк, адышлі з гэтага свету. З нагоды юбілею 25-цігоддзя Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч прыняў у Капітул новых святароў.

  • Кс. Аляксей Ляшко – грэміяльны канонік, дэкан і пенітэнцыярый капітула
  • Кс. Др. Валерый Марціноўскі – грэміяльны канонік, сакратар капітула
  • Кс. Аляксей Асон — ганаровы канонік
  • Кс. Марат Казлоўскі — ганаровы канонік
  • Кс. Эдвард Нарадоўскі – ганаровы канонік
  • Кс. Павел Самсонаў — ганаровы канонік
  • Кс. Др. Мікалай Ціхановіч – ганаровы канонік
  • Кс. Др. Сяргей Сурыновіч — ганаровы канонік

Кс. канонік Віктар Місевіч быў прызначаны прэпазітам (старшынёй) капітула.

Капітул – гэта Калегія святароў, заданнем якой з’яўляецца здзяйсненне больш урачыстых літургічных дзеянняў у катэдральным касцёле, а таксама выкананне заданняў, даручаных яму правам або дыяцэзіяльным біскупам.

Новыя канонікі Віцебскага Капітула ў прысутнасці біскупа вызналі веру і склалі прысягу вернасці Касцёлу.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі