Біскуп Алег Буткевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне семінарысту з Мёраў

15 жніўня 2018 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёле ў Мёрах адбылася вялікая ўрачыстасць. Вернікі адзначылі не толькі парафіяльны фэст, але і ў гэты дзень дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў клерык Уладзіслаў Шарковіч. Семінарыст паходзіць з Мёрскай парафіі. Паспяхова скончыў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

На самым пачатку Літургіі біскуп Алег заклікаў прысутных даручыць Маці Божай Унебаўзятай разам з клопатамі, цяжкасцямі і радасцямі, асобу клерыка Уладзіслава. “Просім аб ласцы вытрываласці для яго, каб быў знакам Божай прысутнасці на гэтай зямлі, быў тым, праз каго Езус у гэтым свеце вядзе да свайго Валадарства”.

На ўрачыстай св. Імшы разам з Віцебскім ардынарыем у інтэнцыі кандыдата да дыяканату маліліся кс. Андрэй Рылка, рэктар Пінскай семінарыі, духоўны айцец Аркадзь Куляха, святары, якія паходзяць з мясцовай парафіі і тыя, хто дапамагаў у дарозе паклікання, клерыкі з Пінскай семінарыі.

Пасля Літургіі слова пробашч парафіі кс. Кшыштаф Мянкіна звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдат падрыхтаваны і гатовы прыняць пасвячэнне.

Гамілію прамовіў пастыр дыяцэзіі. Іерарх прыгадаў, што ў Новым Запавеце функцыя дыяканаў заключалася ў абслугоўванні сталоў. Далей ператварылася ў больш літургічную функцыю. Тым не менш, гэтае заданне – бачыць перад сабой патрабуючага чалавека – застаецца. І між іншым на тым, хто робіць першыя крокі да святарства. Святое Пісанне падае прыклады веры і мужнасці дыяканаў. Першамучанік Стэфан перад абліччам смерці не адрокся веры і Бог даў яму ласку ў апошнія хвіліны зямнога жыцця ўбачыць адкрытае неба. Дыякан Лаўрэнцій прыняў мучаніцкую смерць абараняючы касцёл, ён у апошнюю хвіліну свайго жыцця дапамагаў бедным і патрабуючым. “Такіх прыкладаў на працягу гісторыі было шмат. Але ў чым істота таго, што мы называем святарствам? Шлях да Бога ляжыць праз знакі, якія пакінуў Езус. Пачынаючы ад сакраманту хросту. Але вельмі важнай рэччу з’яўляецца сведчанне чалавека, — падкрэсліў біскуп Алег і, звярнуўшыся да семінарыста Уладзіслава, заклікаў памятаць: — Тое што будзе найбольш прамаўляць – гэта жыццё, вера, якая павінна дапамагаць убачыць і прыняць тую праўду, якую дае нам Святое Пісанне – хто такі святар. Той, хто жыве ў гэтым свеце, з усімі цяжкасцямі, спакусамі і выпрабаваннямі, але мае абавязак сэрцам прыналежыць да Божага Валадарства. Прыналежнасць сэрцам павінна быць бачная ў жыцці”.

На заканчэнне прамовы біскуп Алег пажадаў кл. Уладзіславу, каб адважыўся быць паслухмяным натхненню Духа Святога, каб адважыўся быць прыладай, пазбаўляючыся сваёй волі.

Наступнай часткай Літургіі сталі абяцанні, якія кандыдат складае на рукі біскупа. Потым усе прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcт ляжаў крыжам перад алтаром. Затым адбылося ўскладанне рук і малітва. Дыякан, апрануўшы стулу і дальматыку, атрымаў Евангелле з рук біскупа і знак супакою.

На заканчэнне ўрачыстасці словы ўдзячнасці да прысутных святароў, бацькоў і вернікаў скіраваў новапасвечаны дыякан Уладзіслаў.

Затым з нагоды парафіяльнай урачыстасці адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта і працэсія вакол касцёла.

Пасля малітоўнай часткі святкаванне працягнулася на вуліцы пад гукі музыкі і спеваў моладзевага гурта.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі