Біскуп Алег Буткевіч удзеліць святарскае пасвячэнне сэрцаніну з Пастаў

Супольнасць сэрцанаў на Беларусі ўдзячная за дар паклікання дыякана Валерыя Пупкевіча, які 30 снежня, з рук ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, атрымае сакрамант пасвячэння ў ступень прэзбітэрату. Урачыстасць адбудзецца ў парафіі Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Паставах. Пачатак у 10 гадзін.

29 снежня падчас Імшы а 18 гадзіне, дыякан урачыста вызнае сваю веру і прагненне служэння Богу і людзям.

Сваю першую святую Імшу, ужо дзясяты сэрцанін-святар з Беларусі, будзе цэлебраваць 1 студзеня ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі ў Пастаўскай святыні а 10 гадзіне.

Дыякан Валерый сардэчна запрашае ўсіх прыняць удзел у гэтай важнай для яго падзеі як фізічна, так праз трансляцыю ў інтэрнэце і просіць аб малітве на час прыгатавання.

Даведка. Дыякан Валерый нарадзіўся 31 жніўня 1995 года ў Паставах. Паходзіць з мясцовай парафіі Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля заканчэння сярэдняй школы і адчуўшы голас паклікання, уступіў у Супольнасць Святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Сэрцане), маючы падрыхтоўчы год у супольнасцях Ляхавіч і Мазыра. Пасля пастуляту, навіцыяту і 6 гадоў у семінарыі, атрымаў ступень магістра тэалогіі і прыняў дыяканскае пасвячэнне ў Стадніках (Польшча). Наступныя паўгады нёс служэнне ў сэрцанскай парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).

кл. Аляксандр Пятліцкі SCJ, тэкст
фота з архіву WSM SCJ Stadniki

для друку для друку