Сэрцане маюць двух новых дыяканаў і прэзбітэра з Беларусі

Тройчы вялікай радасцю для супольнасці Айцоў Сэрцанаў на Беларусі была падзея, якая мела месца ў мінулую суботу. 15 мая трое законнікаў з Беларусі — навучэнцы Вышэйшай Місійнай семінарыі Айцоў Сэрцанаў у Стадніках, каля Кракава (Польшча), прынялі сакрамант пасвячэння з рук яго Эксцэленцыі, біскупа Дам’яна Мускуса OFM, дапаможнага біскупа Кракаўскай Архідыяцэзіі.

У парафіяльнай святыні Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Стадніках, сабралася шмат гасцей з Польшчы, а таксама з-за мяжы. Прадстаўнікі Сэрцанаў на Беларусі, на чале з кіраўніком супольнасці рэгіёну кс. Янам Этелем SCJ, таксама ўзялі ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы, падчас якой сакрамант святарства ў ступені дыяканаў прынялі кл. Валерый Пупкевіч SCJ і кл. Уладзіслаў Чуйко SCJ, а ў ступені прэзбітэра — дк. Генадзь Лаўніковіч SCJ.

Па сэрцанскай традыцыі перад урачыстасцю пасвячэння, законнікі выехалі ў дом навіцыяту ў Контах Старых (Свентакшыскае ваяводства), дзе на працягу пяці дзён удзельнічалі ў рэкалекцыях, разважаючы над уласным пакліканнем і просячы Бога аб дару вытрываласці ў ім. Духоўныя практыкі ў гэтым годзе правёў кс. Вітальд Янусь SCJ, магістр навіцыяту, пад апекай якога некалькі гадоў таму частка з прыняўшых пасвячэнні пазнавала галоўныя аспекты манаскага жыцця Сэрцанаў.

“Будзьце Хрыстусовымі ” – заахвочваў маладых духоўных біскуп. “Хрыстус не патрабуе Касцёла, які ўтвораны праз “кіраўнікоў”, якія з зайздрасцю сцерагуць падыход да Яго і спрабуюць вырашаць каго дапусціць бліжэй, а каму перашкодзіць, зачыняючы дзверы. Наследуйце Хрыста, ціхага і пакорнага, бо не ўласныя амбіцыі кіруюць светам, няма нічога больш памылковага, калі хто так лічыць. Толькі ў пакоры і ціхасці сэрца, у еднасці з тымі, хто церпіць, хто патрабуе – гэта заданне сённяшняга Касцёла ” – дадаў іерарх.

Бацькі і родныя беларусаў, якія на жаль не змаглі асабіста прысутнічаць на ўрачыстасці пасвячэння, маглі сачыць за сваімі блізкімі праз прамую трансляцыю, арганізаваную ўрадам семінарыі. У хуткім часе, спадзяёмся, што частка новапасвечаных распачне свае служэнне на Беларусі, дзе будуць ганарова выконваць абавязкі, ускладзеныя на іх самім Хрыстом, які пасылае работнікаў на сваю ніву.

Супольнасць Айцоў Сэрцанаў – гэта супольнасць моцна звязаная з місыйнай дзейнасцю. Таму напрыканцы урачыстасці новы святар атрымаў асаблівую адзнаку – Місыйны Крыж, які будзе ганарова насіць, будучы на місіях або праводзячы рэкалекцыі.
“Быць прарокамі Любові і слугамі паяднання людзей і свету ў Хрысце” – такая місія, якой сэрцане застаюцца вернымі ужо праз 143 гады існавання супольнасці ў свеце.

Кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ

Кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ нарадзіўся 7 кастрычніка 1994 г. у мястэчку Варапаева і паходзіць з парафіі св. Міхала Арханела ў Варапаева (Віцебская дыяцэзія). Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 2012 годзе распачаў падрыхтоўчы год у супольнасці Сэрцанаў на Беларусі, прабываючы ў парафіях і дамах законных ў Мозыры, Гродне і Ляхавічах. Таксама пэўны час наведваў курсы ў Катэхэтычным Каледжы ў Баранавічах. У 2015 годзе распачаў фармацыю ў доме пастуляту (Плішчын – каля Любліна, Польшча), потым быў навіцыят і шэсць гадоў семінарыі, якую ў гэтым годзе паспяхова скончыў, абараніўшы магістарскую працу па кананічным праве.

 

Дк. Валерый Пупкевіч SCJ

Дк. Валерый Пупкевіч SCJ нарадзіўся 31 жніўня 1995 года і паходзіць з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах (Віцебская дыяцэзія). Разам з кс. Генадзем прайшоў праз поўны курс падрыхтоўкі і навучання. Таксама ў гэтым годзе скончыў семінарыю, абараніўшы магістарскую працу па фундаментальнай тэалогіі.

 

 

 

 

Дк. Уладзіслаў Чуйко SCJ

Дк. Уладзіслаў Чуйко SCJ нарадзіўся 29 ліпеня 1994 года ў Баранавічах і паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Пасля заканчэння ліцэя №1 у Баранавічах, паступіў на напрамак упраўлення і эканомікі Акадэміі Падляскай у Сельдцах (Польшча), які скончыў у 2014 годзе, атрымаўшы ступень ліцэнцыяту. Адчуўшы ў сабе голас паклікання, уступіў у супольнасць Сэрцанаў у тым жа годзе і цяпер распачынае апошні год навукі і падрыхтоўкі.

 

 

 

кл. Аляксандр Пятліцкі SCJ, тэкст;
фота: seminarium.scj.pl, асабісты архіў, ks. Franciszek Wielgut SCJ

для друку для друку