Біскуп Алег Буткевіч цэлебраваў Імшу Хрызма ў Віцебску

5 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма.

На пачатку св. Імшы іерарх павіншаваў прысутнага архімандрыта Сяргея Гаека, які ад нядаўняга часу з’яўляецца адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, і прывітаў святароў і вернікаў.

У казанні біскуп Алег разважаў над місіяй святара: “Хрыстовае святарства прызначана памнажаць Божую хвалу, таму жыццё і служэнне святара ў першую чаргу павінна быць прысвечана гэтай мэце. Дасягнуць яе магчыма толькі дзякуючы Божай любові і праз лучнасць з нашым Збаўцам. Пэўнай часткай сённяшняй літургіі стане аднаўленне гэтай лучнасці з Хрыстом і пацвярджэнне нашай гатоўнасці і далей спаўняць Хрыстовую місію, да ўдзелу ў якой мы былі пакліканы” – сказаў біскуп.

Пастыр дыяцэзіі вызначыў галоўны крытэрый годнага спаўнення святарскай місіі — кіраванне Святым Духам: “Падчас пасвячэння мы атрымалі намашчэнне Святым Духам, таму мы павінны кіравацца тым самым Духам у сваім служэнні і ўмець распазнаць, калі часам на Яго месца прыходзіць іншы дух” – сцвердзіў біскуп Алег. І дапоўніў: “Па чым можам распазнаць прысутнасць Святога Духа ў сваім служэнні? Па першае – гэта здольнасць дзейнічаць на хвалу Бога. Важна таксама шукаць і будаваць вакол сябе прастору адзінства, згоды, прымірэння і хрысціянскай любові. Свет сёння вельмі патрабуе гэтага дару Божага Духа. Таму тыя, хто пакліканы да Божай службы – святары, манаскія асобы – павінны стаць Яго праваднікамі.”

Яшчэ адзін знак кіравання Духам Святым – сапраўднае служэнне Евангеллю. “Таленты, якія мы маем павінны служыць Евангеллю, а не наадварот. Можам задаць сябе пытанне: “Ці тое, што я абвяшчаю сапраўды з’яўляецца хрыстовым Евангеллем, ці гэта толькі мой погляд на Божую праўду?”” – адзначыў біскуп Алег.

“Вялікую мэту святарскага служэння выразіў прарок Ісая кажучы: “Божы слуга пасланы каб выпусціць спакутаваных на свабоду”. Гаворка ідзе пра вызваленне з палону граху, тое, што адбываецца падчас сакрамантаў хросту, споведзі. Разам з тым святарам трэба не забывацца пра стан свайго сэрца. Атрымаўшы пасвячэнне, чалавек не вызваляецца ад сваіх схільнасцяў, ён можа памыляцца і падаць. Таму адной з важнейшых заданняў для святара – клапаціцца пра ўласную ўнутраную свабоду. Разлічваючы, паміж іншым, і на малітоўную падтрымку вернікаў. Якім мы сёння за гэта шчыра дзякуем”, – сказаў іерах.

Пазней, праз дыялог з біскупам адбылося аднаўленне абяцанняў вернасці святароў, а таксама асвячэнне алею хворых і алею Хрызма.

Напрыканцы св. Імшы біскуп Алег Буткевіч павіншаваў святароў і падзякаваў ім за іх адданую службу.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку