2 кастрычніка для касцёла Святога Казіміра ў Лепелі стаў асаблівым днём — пасля ўрачыстай нядзельнай Імшы адбылося асвячэнне фігуры святога Арханёла Міхала, усталяванага на тэрыторыі храма.
Пару тыдняў таму назад многія лепяльчане заўважылі, што каля велічнага беласнежнага будынка з’явілася прыгожая статуя. Яна, трэба сказаць, выклікала вялікае захапленне і цікавасць не толькі ў прыхаджан касцёла, але і іншых жыхароў раёна, а таксама турыстаў.
У гэты дзень святую Імшу распачаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і адзначыў пра важнасць такога роду падзеі для парафіянаў святыні і ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Разам з біскупам урачыстую святую Імшу цэлебраваў ксёндз-пробашч Уладзімір Заянчкоўскі.
Падчас службы было адзначана, што 29 верасня католікі адзначаюць дзень памяці святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Арханёл Міхал — апякун Касцёла ў Беларусі, мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы.
Амаль усе найважнейшыя падзеі біблейскай гісторыі адбываюцца пры ўдзеле Арханёла Міхала. Яго шануюць як свайго нябеснага заступніка хворыя, якія паміраюць, а таксама медыкі і вадзіцелі «хуткай дапамогі». Ён таксама з’яўляецца заступнікам маракоў і вайскоўцаў.
Для нас вобраз гэтага святога ў першую чаргу з’яўляецца сімвалам хрысціянскага аптымізму. Ён паказвае, што зло зусім не ўсемагутнае і не вечна. Яму можна і трэба супрацьстаяць, і ў рэшце дабро перамагае.
Таксама было акцэнтавана, што нядзельная Эўхарыстыя з’яўляецца найбольшай падзякай чалавека Богу. Таму ў час Імшы супольна неабходна дзякаваць за магчымасць працаваць і адпачываць, прымяняць свае здольнасці на карысць сябе, сваіх блізкіх і Айчыны, за шчодрасць і любоў. Адначасова можна папрасіць далейшых Божых ласкаў, так неабходных для веруючых.
— Мы павінны быць міласэрнымі і добрымі, праяўляць чуласць да іншых. Толькі праз хрысціянскія каштоўнасці мы можам змяніць сваё жыццё ў лепшы бок, — адзначыў біскуп Алег.
На заканчэнні Імшы іерарх выказаў падзяку ксяндзу Уладзіміру і ўсім, хто прычыніўся да стварэння і ўсталявання фігуры Арханёла Міхала.
— Няхай святы Арханёл апякуецца не толькі парафіянамі касцёла, а і ўсімі жыхарамі раёна, гэтым прыгожым блакітным краем – Лепельшчынай, — рэзюмаваў біскуп Алег і пажадаў усім вернікам шчодрых ласк Езуса Міласэрнага.
Вернікі ў сваю чаргу падзякавалі паважанаму госцю:
— Заўсёды прыезд біскупа да нас з’яўляецца вельмі радаснай падзеяй, бо гэта азначае еднасць Касцёла. Аднак сёння асаблівы дзень, сапраўднае шчасце для нашай вялікай парафіяльнай сям’і – адбылася супольная малітва і абрад асвячэння фігуры Арханёла Міхала, — ад імя вернікаў сказала Таісія Маркевіч і ўручыла кветкі пастыру.
Касцёл Святога Казіміра — адзін з найстарэйшых каталіцкіх храмаў у Беларусі, пабудаваны ў 1876 годзе. Гляджу на яго беласнежныя сцены, высокія магутныя вежы і не магу ў гэта паверыць. Помнік архітэктуры выглядае як новы.
Стараннямі ксяндза Уладзіміра Заянчкоўскага, які за пяць гадоў служэння ў Лепелі здолеў аб’яднаць вакол сябе неабыякавых людзей, тэрыторыя вакол касцёла акультурана да непазнавальнасці. Толькі за апошнія пару гадоў тут з’явілася шмат прыгожых экзатычных раслін — кустоў, дрэў, кветак! Пакуль яны яшчэ маладыя, магчыма, не зусім заўважныя для большасці лепяльчан. Аднак праз некалькі гадоў, калі забуяюць рознакаляровымі кветкамі, турысты будуць цікавіцца не толькі гісторыяй храма, а і парадамі ў пробашча Уладзіміра па вырошчванні раслін.
— Важна, каб людзі не хаваліся за высокімі непрагляднымі платамі, а будавалі масты паміж сэрцамі, — кажа ксёндз-пробашч Уладзімір. — Храм знаходзіцца ў адным з найпрыгажэйшых месцаў горада, тут заўсёды ціха, можна спакойна паразважаць. Хочацца, каб людзі, якія зазірнулі сюды ўпершыню, пажадалі прыйсці зноў.
Наталля Храпавіцкая
