Біблійная школа ў Навагрудку распачынае новы фармат

Пачынаючы з чарговай сустрэчы, якая адбудзецца з 28 па 30 мая, Біблійная школа “Профэтэс” у Навагрудку распачынае новы, больш даступны фармат навучання.

Цяпер навучанне будзе сумяшчаць у сабе больш дакладную працу па зместу Бібліі, паралельна вывучаючы Стары і Новы Запавет, засяроджваючыся на характарыстыцы паасобных Біблійных кніг абодвух запаветаў. Дадаецца таксама адна гадзіна для вывучэння старажытных біблійных моваў, дзеля агульнай арыентацыі ў арыгінальных тэкстах. Таксама дадаецца адна гадзіна ўступу (інтрадукцыі) ў Біблію, для людзей, якія толькі пачынаюць знаёмства з Божым Словам.

Таксама, як і ў папярэдніх сустрэчах, захоўваецца праца ў групах і экзэгезіс (тлумачэнне і разуменне) Божага слова, святая Імша, Адарыцыя Найсвяцейшага Сакраманту і вячэрнія таварыскія сустрэчы і праграма асабістага чытання Бібліі на кожны дзень.

Біблійная школа ў Навагрудку — гэта падставовы курс, які ўводзіць слухачоў у пазнанне і разуменне тэкстаў Старога і Новага Запавету. На працягу ўсяго года, раз у месяц, кожны можа знайсці адказы на найбольш актуальныя пытанні звязаныя з Бібліяй, з гісторыяй яе паўстання, а таксама з пасланнем, якое нясе ў сабе Божае слова для сучаснасці.

У занятках можа прымаць удзел кожная паўналетняя асоба. Запрашаем на гэтыя сустрэчы лідараў Евангелізацыйных груп, аніматараў біблійных сустрэч, якія дапамагаць на месцах сваім душпастырам, а таксама ўсіх, хто шукае разумення таго, якое вялікае значэнне ў жыцці кожнага мае Божае слова.

Мэтай біблійнай школы “Профэтэс” з’яўляецца не толькі пазнанне зместу, пасылу і асноўных праўдаў хрысціянскай навукі, але таксама падтрымка тых, хто хоча лепш ведаць Божае слова і на ім будаваць сваё ўласнае жыцццё. Біблійная школа — гэта таксама стварэнне духоўнай і малітоўнай супольнасці, магчымасць падзяліцца досведам, наладжвання адносін і сяброўства, матываванне да служэння пры парафіях, падтрымка сваіх душпастыраў у іх Евангелізацыйных ініцыятывах.

Біблійная школа дзейнічае не толькі дзеля таго, каб людзі чыталі Біблію, бо самога чытання замала. Галоўная мэта – суправаджэнне на шляху да сталасці веры, якая абапіраецца на асобе Езуса Хрыста – цэнтры ўсяго Пісання. Гэта немагчыма дасягнуць без адносін з іншымі людзьмі (сацыяльнае вымярэнне веры, Касцёл гэта супольнасць) і без прафесійнага суправаджэння па асноўнаму пасылу Святога Пісання з дасведчанымі выкладчыкамі-біблістамі. Мы верым і маем досвед таго, што Бог асаблівым чынам дзейнічае там, дзе людзі збіраюцца ў імя Езуса.

У кантэксце паглыбленага вывучэння Божага слова, варта ўзгадаць словы Папы Францішка: “Адносіны паміж Уваскрослым, супольнасцю вернікаў і Святым Пісаннем з’яўляецца экстрэмальна жыццядзейснай для нашай тоеснасці. Без Госпада, Які нас уводзіць, немагчыма разуменне глыбіні Божага слова. Гэта дзейнічае таксама і ў другі бок: без Святога Пісання, падзеі, якія вынікаюць з Місіі Езуса і Яго Касцёла ў свеце з’яўляюцца немагчымымі для разумення і інтэрпрэтацыі. Таму слушна св. Геранім напісаў: «Няведанне слова Божага з’яўляецца няведаннем Хрыста» (Aperuit Illis).

Заняткі адбываюцца раз у месяц пры касцёле Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская вобласць), пры былым кляштары айцоў дамініканаў, па вул. Савецкая 2.

Запіс на біблійныя сустрэчы: +375 (44) 771-99-83 (Марына) або nowogrudec@gmail.com

для друку для друку