Беларусь у святых гербах: Узда

Апостала Пятра мы ўжо сустракалі на гербах беларускіх гарадоў – Барысава і Малечы. А вось апостал Павел прысутнічае пакуль што першы раз. Тое, што два апосталы знайшлі сабе месца на адным гербе, не павінна здзіўляць: і католікі, і праваслаўныя часта іх паказваюць разам.

Выява на гербе Узды мае праваслаўны радавод. У горадзе дзве святыні: касцёл Узвышэння Святога Крыжа і царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Паколькі Узда гістарычна не мела Магдэбургскага права, то і герб ёй не належаў. Сённяшні герб быў зацверджаны адносна нядаўна – у 2000 годзе. У прынцыпе, герб Узды другі пасля Маладзечна, які атрымаў рэлігійнае значэнне ў сучаснай Беларусі.

Апосталы на гербе прадстаўлены з традыцыйнай атрыбутыкай, якая дапамагае іх адрозніць. Святы апостал Пётр у правай руцэ трымае ключы. Евангелле перадае нам, што Езус асабіста даў Пятру ўладу кіравання Касцёлам – супольнасцю вернікаў. А ключы – сімвал права вырашаць розныя справы. “Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16, 19). Кніга ў левай руцэ св. Пятра прыпамінае нам, што ён з’яўляецца аўтарам двух пасланняў.

Апостал Павел традыцыйна трымае ў руцэ меч. Гэты сімвал мае два значэнні. Першае: сям’я апостала і сам св. Павел былі рымскімі грамадзянамі. Гэта давала вялікія правы ў Рымскай дзяржаве. У Дзеях святых апосталаў даведваемся, што да такога чалавека не можна было прымяніць цялесныя пакаранні. І людзі, якія бічавалі Паўла, перажылі шок, калі даведаліся, што здзекуюцца з рымскага грамадзяніна.

Выкарыстоўваючы сваё грамадзянства, Павел просіць суда Цэзара, бо не давярае мясцовым суддзям і мясцовым кіраўнікам. Не застаецца нічога, як толькі паслаць яго у Рым. У сталіцы нават пасля смяротнага прысуду Павел застаецца рымскім грамадзянінам і атрымлівае апошні прывілей – загінуць ад удару мяча.

Другое: апостал Павел – настаўнік веры і прапаведнік Слова Божага. Менавіта Слова Божае ён называе мячом. “Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца” (Габ 4,12).

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі