Беларусь у “святых” гербах: Ружаны

Сёння ўжо толькі з іроніяй можна слухаць аповеды пра тое, што ў Беларусі быў свой Версаль. Так, яго рэшткі ўражваюць, будзяць уяўленне і прагу ўбачыць увесь ружанскі палацавы комплекс у яго велічы ў часы Льва Сапегі, але адначасова наганяюць сум і трывогу, што засталіся менавіта яны, рэшткі, руіны. Нязнішчаным, некранутым да нашых часоў дайшоў толькі герб Ружанаў.

Гэта дастаткова маладая мясцовасць (першы ўспамін у 1552 г.) свой росквіт перажыла ў часы, калі яе сваёй рэзідэнцыяй зрабілі магутныя Сапегі. Менавіта яны надалі мястэчку Магдэбурскае права ў 1637 г., а разам з ім таксама вельмі цікавы герб.

Гэты тып гербаў называюць “прамаўляльнымі”. Элементы герба падказваюць, якая назва дадзенай мясцовасці. Такіх сімвалаў у Беларусі няшмат. Напрыклад, гэта гербы Ваўкавыска і Рагачова.

Ружы на гербе Ружанаў – гэта рэч неймаверна прыгожая і мала дзе сустраканая. Даследчыкі на сёння маюць прынамсі некалькі версій этымалогіі назвы мясцовасці, але не адна з іх не тлумачыць дакладна, чаму менавіта ружы сталі сімвалам горада.

Хоць кветкі і займаюць шмат месца на гербе, але цэнтральнай постаццю яго, безумоўна, з’яўляецца чалавек у нештодзённым, а каралеўскім адзенні. Чалавек гэты трымае ў руках незвычайныя атрыбуты ўлады – крыж і лілею. Німб над галавой падказвае, што гэта каралеўская асоба, якую абвясцілі святой. Загадкі тут ніякай няма: гэта княжыч Казімір, які стаў апекуном усяго Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Ружанаў.

Святы Казімір адзначаўся слабым здароўем, праўдападобна хварэў на сухоты, ад якіх і памёр. Аднак ён быў чалавекам вялікай веры. Нястомна дапамагаў людзям, якія мелі патрэбу.

На адным з абразоў св. Казімір прадстаўлены з трыма рукамі. Легенда кажа, што мастак заўважыў непрапарцыянальнасць правай рукі і яе замаляваў, замяняючы новай. Але першая рука праявілася зноў з-пад фарбы! І ніякія далейшыя спробы яе схаваць не ўдаліся!

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі