У інтэрв’ю Asia News Апостальскі Нунцый біскуп Марэк Залеўскі выказаў сваё захапленне жыццяздольнасцю Касцёла ў гэтай краіне, дзе католікі складаюць 7% насельніцтва: «Толькі ў 2025 годзе па ўсёй краіне было пабудавана больш за 200 касцёлаў, кананічных дамоў, касцельных будынкаў і іншых падобных збудаванняў».
Жыццёздольнасць паўночных дыяцэзій
150 святынь размешчаны ў паўночных дыяцэзіях, дзе многія касцельныя ўладанні «доўгі час занядбаныя з моманту масавага зыходу католікаў з сельскай мясцовасці на поўдзень у 1954 годзе», што стала вынікам прыходу да ўлады камуністычнага ўрада ў гэтай частцы краіны. Новыя касцёлы таксама будуюцца «ў квітнеючых гарадскіх раёнах», нароўні з прытокам мігрантаў у гарады і стварэннем новых парафій.
Найбуйнейшы касцёл у Паўднёва-Усходняй Азіі
Рэлігійныя будынкі вылучаюцца сваёй велічнай архітэктурай. Паводле мясцовых СМІ, касцёл у Ланг Ване, правінцыя Нінь Бінь, адкрыты ў снежні 2025 года, з’яўляецца найбуйнейшым у Паўднёва-Усходняй Азіі. Яго будаўніцтва заняло дзесяць гадоў і каштавала 15,2 мільёна долараў. Гэта манументальны неагатычны касцёл, здольны змясціць 5 тысяч чалавек, з падземнай залай на дадатковыя 800 месцаў, «а яго вежа дасягае 110 метраў», тлумачыць біскуп Залеўскі. Варта адзначыць, што новы касцёл замяніў стары, які быў занадта малы для прыблізна 4 тысяч вернікаў.
Яшчэ адзін прыклад — з горада Хашымін (былы Сайгон), дзе нядаўна сабор Нотр-Дам аднавіў залатыя крыжы на сваіх вежах-блізнятах. 19 сакавіка, у свята Святога Юзафа, краны паднялі амаль чатырохметровыя сталёвыя крыжы, пакрытыя залатой фальгой, на вышыню 57 метраў. Першапачатковыя крыжы, моцна пашкоджаныя, былі прыбраныя ў сакавіку 2023 года. Для біскупа гэта «знак веры, размешчаны ў сэрцы горада, які вядзе людзей да таямніцы Крыжа Хрыста» і выраз касцёла, пабудаванага з «жывых камянёў», у які кожны вернік можа ўнесці свой уклад праз справы веры і міласэрнасці.
Павелічэнне колькасці пакліканняў
Паводле дадзеных на сакавік 2026 года, у В’етнаме пражывае прыблізна 7,2 мільёна католікаў, што складае больш за 7% насельніцтва. Дзейнічае 27 дыяцэзій, у тым ліку тры асноўныя архідыяцэзіі — Ханой, Хюэ і Хашымін — з больш чым 2 тысячамі парафій, размешчаных па ўсёй тэрыторыі. Такім чынам, В’етнам з’яўляецца адной з найбуйнейшых каталіцкіх супольнасцей у Азіі.
Гэтая сіла таксама адлюстроўваецца ў колькасці святароў і пакліканняў. Толькі ў архідыяцэзіі Хашыміна пражывае больш за 720 тысяч вернікаў і амаль 400 дыяцэзіяльных святароў, а таксама шматлікія законнікі і законніцы, якія займаюцца душпастырскай апекай, адукацыяй і сацыяльнай працай. Каталіцкае сэрца В’етнама працягвае біцца — і з усё большай сілай.
Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!