У Італіі знялі серыял пра св. Карла Акуціса

«Ён такі ж хлопец, як і мы, які выкарыстоўваў інтэрнэт, каб рабіць дабро», — кажа Самуэле Карына. Ён грае знакамітага міленіяла, абвешчанага святым у 2025 годзе. У Італіі завершаны здымкі тэлесерыяла пра жыццё святога Карла Акуціса. Гісторыя хлопчыка, які працягвае захапляць сваіх аднагодкаў, называецца «Мяне завуць Карла».

Рэжысёрам фільма з’яўляецца Джакама Кампіёці. Ён напісаў сцэнарый у суаўтарстве з Карла Мацотай. Прадзюсарамі з’яўляюцца RTI і Skipless Italia.

Фільм здымаўся ў Ламбардыі і Умбрыі. Першыя кадры былі зроблены ў Мілане, горадзе, дзе вырас Карла Акуціс. Вялікая ўвага была нададзена здымкам у Асізі, сэрцы яго духоўнасці. Апошнія кадры са здымачнай пляцоўкі былі зроблены ў маляўнічай сельскай мясцовасці Брыянца, дзе сама прыродная цішыня спрыяе канцэнтрацыі.

Менавіта там былі зняты першыя сцэны: Карла знаходзіцца са сваімі сябрамі ў загарадным доме і здымае іх на відэа — яны распавядаюць, як бачаць сваю будучыню і якімі будуць у 2026 годзе. Карла ў асяроддзі некалькіх падлеткаў: некалькі легкадумная дзяўчына (актрыса Нікі Пасарэла), хуліган (Нікола Фесціні) і сябар-ізгой (Стэфана Масары). Менавіта гэтая сустрэча з Карла зменіць іх погляд на жыццё. Рэжысёр спыняе камеру на будучым святым, які, гледзячы прама ў аб’ектыў, нібы звяртаецца непасрэдна да гледача.

«Карла — вялікі сімвал, міжнародная суперзорка, — кажа Джакама Кампіёці, — але самай вялікай праблемай было захаваць праўду пра яго святасць, дабрыню і шчодрасць, не ператвараючы яго ў міф». Рэжысёр, які за доўгія гады стварыў мноства твораў, прысвечаных рэлігійным тэмам і жыццю святых, прызнаецца: «Я стараюся не баяцца, калі ўступаю ў гэтыя гісторыі, а паглыбляцца ў іх сутнасць. Сёння існуе вялікая патрэба ў гісторыях, якія нясуць святло». Ён падкрэслівае, што тэлебачанню патрэбныя такія кранальныя пастаноўкі. «Ёсць аўдыторыя, якая іх чакае, якой патрэбныя канкрэтныя прыклады для пераймання», — падкрэслівае Кампіёці. «Расказваць пра такіх асоб, як Карла, азначае звяртацца да ўсіх, не толькі да вернікаў».

Фільм прадстаўляе тры этапы жыцця будучага святога: шасцігадовы хлопчык, ужо ўважлівы і чулы; адзінаццацігадовы — цікаўны і разумны; і падлетак у першым класе старэйшай школы, больш сталы і свядомы.

«Карла вельмі рана адкрыў для сябе Езуса, — тлумачыць Кампіёці, — і менавіта ён прывёў Яго ў сваю сям’ю. Гэта любоў прывяла яго да таго, каб сведчыць ужо з ранняга ўзросту, навучаючы катэхізісу па-свойму, з вялікай прывабнасцю». Вялікай задачай было адлюстраваць хлопчыка, які адкрывае сэрцы іншых, не мудруючы і не асуджаючы. «Сапраўдная вера, — кажа рэжысёр, — праяўляецца ў спакоі, у шчасці; а Карла быў шчаслівым хлопчыкам».

Пасланне святога-міленіяла сугучна для Самуэле Карына, які грае галоўную ролю і зараз вучыцца на трэцім курсе ліцэя. «Калі мне прапанавалі гэтую ролю, я адразу падумаў пра вялікую адказнасць, — кажа ён. — Гэта сур’ёзны выклік, але я ўклаў у яе ўсё сваё сэрца». Акцёр-падлетак, які ўжо сыграў некалькі сур’ёзных роляў на тэлебачанні, прызнаецца, што доўга рыхтаваўся да гэтай ролі: «Я паглядзеў шмат фільмаў пра Карла, у тым ліку тыя, якія ён сам зняў. У мяне мурашкі па скуры. Ён быў простым хлопцам, але ў ім было нешта асаблівае».

Акцёр, які выконвае ролю Карла, адзначае актуальнасць свайго паслання: «Сёння не трэба шмат, каб пакрыўдзіць кагосьці ў інтэрнэце, а ён вучыць нас, што сацыяльныя сеткі можна выкарыстоўваць для дапамогі, для пазітыўнай камунікацыі». Сярод самых напружаных сцэн Самуэле Карына ўспамінае сцэну ў бальніцы: «Калі Карла кажа маці, што ўжо адтуль не выйдзе. Гэта быў вельмі кранальны момант».

Малады акцёр таксама ўспамінае самыя простыя жэсты: «Сцэна з бяздомным, амаль без слоў, прымусіла мяне шмат думаць. Хапіла аднаго погляду, каб усё зразумець». Для Кампіёці ў гэтым і заключаецца сутнасць фільма: «Я спадзяюся, што ў гледача будзе вопыт сустрэчы. Фільм не можа расказаць усё; але ён можа абудзіць жаданне і цікаўнасць». Рэжысёр фільма пра святога Карла Акуціса адзначае: «Святасць значна бліжэй, чым мы думаем; няма патрэбы ў эфектных жэстах. Трэба проста не паддавацца злу і кожны дзень выбіраць дабро».

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку