Святы Айцец штомесяц запісвае відэа «Маліцеся з Папам», але як ён выбірае намеры, у якіх заклікае Касцёл маліцца? «Гэта выключна намеры Папы; аднак ён робіць гэта вельмі Сінадальным чынам, збіраючы прапановы з многіх крыніц», — расказаў EWTN News айцец Крыстабаль Фанэс, міжнародны дырэктар Сусветнай малітоўнай сеткі Папы.
Малітоўная сетка, заснаваная Папам Францішкам у 2018 годзе як ватыканская структура, нядаўна правяла працяглы працэс кансультацый са сваімі нацыянальнымі дырэктарамі ў 94 краінах і членамі Рымскай курыі. «У мінулым годзе мы атрымалі каля 300 прапаноў на розных мовах», — сказаў Фанэс. «Мы класіфікавалі іх, абагульнілі, а потым міжнародны офіс [малітоўнай сеткі] прапанаваў Папу 16 з іх, каб палегчыць яму працу. У снежні я перадаў яму гэтыя 16 прапаноў… ён дадаў яшчэ адну, якой не было ў [першапачатковых] прапановах, і змяніў парадак».
«Святы Айцец даволі актыўна ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Для яго гэта вельмі важна», — сказаў айцец Фанэс. Святар распавёў, што кожны месяц Папа Леў XIV запісвае тры версіі свайго малітоўнага намеру — на англійскай, італьянскай і іспанскай мовах. «Гэта вялікая праца. Ён адданы гэтай справе, таму што ведае, што гэта важна, і таму што хоча маліцца разам з людзьмі»». Па словах а. Фанэса, Папа Леў XIV працягвае традыцыю Папы Францішка, які запісаў першае відэа штомесячных інтэнцый у 2016 годзе, але цяперашні Пантыфік надаў гэтай практыцы свой уласны стыль. «Папа Леў хацеў запрасіць людзей не проста маліцца ў пэўным намеры, але маліцца разам з ім», — сказаў ён.
«Таму ён хацеў відэа, дзе ён будзе маліцца, а людзі маглі б да яго далучыцца. У той жа час ён вучыць нас маліцца, вітаючы Госпада, робячы невялікую паўзу і ўкладваючы сэнс у кожнае слова». Айцец Фанэс адзначыў, што Папа папрасіў глабальную сетку дапамагчы людзям развіць «сяброўства» з Богам праз розныя мультымедыйныя рэсурсы, якія яны прапануюць. «Ён сказаў мне: «Калі ласка, навучыце людзей маліцца», — сказаў а. Фанэс.
«Ён добра разумее, што мы можам быць католікамі, але не мець такіх адносін з Езусам. Малітва — гэта не тое, што мы робім ці кажам, гэта адносіны, якія мы будуем — не з чымсьці, а з кімсьці».
Па просьбе Папы Льва XIV, малітоўная сетка ў студзені распачала кампанію «Маліцеся з Папам» з жаданнем навучыць людзей «заступніцкай малітве», якая сканцэнтравана на «Хрысце і выкліках чалавецтва». «Чым бліжэй мы да сэрца Езуса, тым бліжэй мы да болю і пакут свету, якія знаходзяцца ў самым цэнтры Яго сэрца. «Важна быць чулымі да шматлікіх выклікаў, з якімі мы сутыкаемся па ўсім свеце, вельмі крытычных, якія, відавочна, ляжаць на сэрцы Папы, як і на сэрцы многіх людзей, якія пакутуюць ад гэтых праблем, і… безумоўна, на сэрцы Госпада Езуса Хрыста», — падсумаваў ён.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!