Першае маё ўражанне, калі я ўбачыў герб Радашковічаў, сфарміравалася ў пытанні: што сее чалавек? Здавалася, што гэта менавіта сейбіт, вобразна прадстаўлены ахінутым мантыяй зямлі.
Парастак за сейбітам – гэта будучы плён, раскрытая рука – знак сейбіта. Безумоўна, калі б я ведаў, што гэта святы, нават без пазначэння імя, то мог бы па чырвоным колеры адзення здагадацца, што на выяве мучанік. Калі прыгледзецца ўважліва, то можна, ведаючы, як выглядае касцельнае літургічнае адзенне, заўважыць, што сейбіт апрануты ў нешта накшталт дыяканскай далматыкі.
Іншая версія герба выразна паказвае, што гэта не зямля… Мне падалося, што тут адлюстравана нешта зусім іншае – напрыклад, боханы хлеба! І тады першая здагадка – гэта святы дыякан Стэфан!
Гісторыя яго жыцця, служэння і мучаніцтва апісаныя ў Дзеях святых апосталаў. Ён як адзін з першых дыяканаў Касцёла атрымаў прызначэнне раздзяляць паміж беднымі харчаванне, у тым ліку хлеб. Апрача гэтага, ён быў чалавекам вялікай веры: праз яго рукі Бог чыніў цуды і шмат людзей прымала Хрыста.
Усё на свае месцы ставіць апісанне герба пры яго наданні. Яно тлумачыць, што гэта сапраўды святы Стэфан, але не з боханамі хлеба, а з камянямі. І тут усё лагічна, бо Дзеі святых Апосталаў апісваюць мучаніцкую смерць Стэфана менавіта як каменаванне. Можа, на гербе камяні і завялікія, бо гісторыкі кажуць, што камень павінен быў змяшчацца ў руцэ, і кідалі яго першымі сведкі абвінавачвання, а за імі ўсе прысутныя.
Загадкай застаецца, чаму менавіта святы Стэфан стаў апекуном горада?
Падрыхтаваў айцец Андрэй Сідаровіч MIC
для друку