Мне падабаюцца гербы, якія маюць у сабе нейкую загадку або неадназначнасць. Герб Кобрына з гэтай серыі. Безумоўна, не маем сумневаў, што ўсе постаці на гербе – гэта святыя, таксама як не падлягае аспрэчванню, што жанчына з зоркамі на плячах – гэта Багародзіцца, а дзіця ў яе руках – маленькі Езус. Пытанне: хто другая жанчына на кобрынскім гербе?
Адзін з маіх знаёмых задаў калісьці пытанні: “Мы ведаем, што Марыя і Альжбета – гэта сям’я. Цікава, Езус і Ян Хрысціцель сустракаліся ў дзяцінстве ці маладосці? А ці гулялі разам у дзіцячыя гульні? Ці іх сустрэча над Іарданам была першай?” Евангелле не распавядае пра такія здарэнні, але тут можна крыху пафантазіраваць.
Першае ўражанне ад кобрынскага герба было менавіта такім, што на ім святая Марыя, якая паказвае маленькага Езуса Альжбеце, сваёй сваячцы. Яны сапраўды павінны былі зблізіцца, паколькі мелі вельмі падобныя перажыванні: цудоўнае, невытлумачальнае прыроднымі законамі нараджэнне дзіцяці, агульнае прадчуванне місіі, якое атрымалі ад Бога іх дзеці. З Евангелля ведаем, што Марыя не сумнявалася: Альжбета патрабуе яе апекі і дапамогі перад нараджэннем дзіцяці. Ці паўтараліся пазней гэтыя візіты, евангелісты не згадваюць.
Сучасная версія кобрынскага герба, з раздзяленнем прадстаўленых постацей, выклікае здзіўленне і чарговае пытанне. Чаму выява так радыкальна змянілася? З апісанняў дадзенага Кобрыну ў 1589 г. герба ясна вынікае, што жанчына побач з Багародзіцай – гэта не Альжбета, а святая Ганна, маці Марыі і адпаведна бабуля Езуса (!) Яна памерла, калі Марыя была маленькай дзяўчынкай, таму не магла бачыць Езуса. Па парадзе тагачаснага праваслаўнага Экзарха Філарэта, постаці на гербе пакінулі, але Ганну прадставілі ў так званай “вольнай” частцы герба. З аднаго боку, калі браць пад увагу гістарычнасць як крытэрый, то гэта была добрая парада, але багаслоўе і мастацтва дазваляюць ствараць кампазіцыі, дзе сваё месца знаходзяць прадстаўнікі не толькі розных пакаленняў, але нават розных эпох.
Цікава, што герб Кобрына выкарыстоўваў таксама Гарадзец. Гэта, хіба што, ці не адзіны выпадак, калі два мястэчкі мелі адзін магістрат, адзін герб і адну пячатку.
Айцец Андрэй Сідаровіч MIC, Росіца
для друку