“Бацькоўская акадэмія”: курс для татаў і мамаў ад хрысціянскіх псіхолагаў у Мінску

Бацькоўства старое як свет, аднак ніхто не прыдумаў нейкай ідэальнай сістэмы, якая б вырашала яго праблемы. Унікальнасць чалавека патрабуе непаўторнага падыходу мамы і таты да кожнага дзіцяці. Разам з гэтым у народзе кажуць: “малыя дзеткі – малыя праблемы, а ў вялікіх – вялікія”. Дзіцё расце і патрабуе іншай увагі і іншых падыходаў. Сёння мы распавядаем пра ініцыятыву сталічных адмыслоўцаў па дапамозе бацькам у выхаванні дзяцей. “Бацькоўства не страшна, гэта натуральна і класна”, – кажуць яны. 

Сярэдні ўзрост беларусаў, якія заключаюць шлюб і нараджаюць дзяцей, расце з кожным годам. Нацыянальны статыстычна камітэт падлічыў, што ў сярэднім у 2021 г. беларускі нараджалі першынца ў 26,9 гадоў. Гэта на два гады пазней, чым у 2010-ым. За такі ж перыяд сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні дзіцяці вырас на 2,9 гадоў. Гэта агульнаеўрапейскі трэнд, і наша краіна тут не выключэнне: cям’я і дзеці адкладваюцца на больш сталы ўзрост.

Сёння ўласная і прафесійная самарэалізацыя з’яўляюцца першаснымі для моладзі. Разам з гэтым сучасныя маладыя бацькі падыходзяць да працэсу выхавання дзяцей больш асэнсавана. Попыт на бацькоўскае выхаванне расце. У інстаграме можна знайсці сотні акаўнтаў сямейных псіхолагаў-практыкаў. Для прыкладу, Валянціна Паеўская – вядомы дзіцячы нейрапсіхолаг – мае больш за 600 тысяч падпісчыкаў. Усё часцей мамы і таты асэнсоўваюць свае дзіцячыя траўмы і стараюцца не раніць сваіх дзяцей.

Нягледзячы на гэта, неверагодныя аб’ёмы парадаў для бацькоў таксама з’яўляюцца выклікам. Вольга Паўлоўская, псіхолаг “Бацькоўскай акадэміі” пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску, кажа, што нярэдка ад вялікай колькасці інфармацыі бацькі пачынаюць губляцца ў тым, як урэшце рэшт правільна. “Часам здаецца прасцей не пачынаць увогуле”, – з усмешкай дадае яна. Анлайн-інфармацыя дапамагае, аднак кожны чалавек патрабуе асаблівага падыходу. Таму асабістая размова і сустрэча са спецыялістам застаюцца высока запатрабаванымі.

“Бацькоўская акадэмія”: пачатак і ідэя

Восенню 2022 г. супрацоўніцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску пачынаюць актыўна рыхтаваць курс для мамаў і татаў. У студзені аб’яўляецца набор, і колькасць запісаных пераўзыходзіць усе чаканні арганізатараў. Заняткамі зацікавілася некалькі дзясяткаў бацькоў.

Арганізатары праекта робяць ухіл на афлайн-сустрэчы і практычнасць. “У інтэрнэце можна казаць што заўгодна. Ёсць шмат блогераў, шмат кніг, і свой шлях часам знайсці складана. Сіла нашага праекта – у жывых сустрэчах, непасрэдных стасунках. Калі бачыш чалавека, знаёмішся з ім, то гэта ўжо іншы ўзровень адносінаў. Для нас, арганізатараў курса, гэта таксама іншы ўзровень адказнасці”, – кажа Кацярына Шатэрнік, педагог-дэфектолаг і адна з арганізатарак “Бацькоўскай акадэміі”.

Кацярына гаворыць, што сёння існуе меркаванне: бацькоўства – гэта “за вельмі складана і адказна”. Адмыслоўца падкрэслівае, што сэнс акадэміі якраз у тым, каб дапамагаць бацькам зразумець: бацькоўства – гэта не складана, а натуральна. Арганізатары курса грунтуюць свой падыход на “свядомым і пазітыўным бацькоўстве”. “Бацькоўства не страшнае, а прыемнае і з’яўляецца адной з патрэбаў чалавека. Ёсць шмат праблем, трывог, перажыванняў, але гэта ўсё натуральна. Хацелася б падтрымліваць бацькоў, бо ўсебаковая падтрымка на гэтым шляху вельмі важная”, – кажа Вольга Шыкіна, сямейны псіхолаг і выкладчыца “акадэміі”.

Хрысціянскі бацькоўскі курс для ўсіх

Арганізатары праекта падкрэсліваюць, што дзеці сёння гадуюцца ў зусім іншых умовах і асяродках, чым раней. “За 30 гадоў свет змяніўся каласальна. Параўноўваць, як гадавалі нас і як мы гадуем сёння, немэтазгодна. Праблемы былі і ёсць, але часы змяняюцца і сітуацыі змяняюцца. Зносіны паміж бацькамі і дзецьмі, паміж сужэнцамі таксама. Я думаю, нашы бацькі не адмовіліся б кудысьці схадзіць, каб паслухаць і падзяліцца, калі б у іх была такая магчымасць у свой час”, – кажа Кацярына Шатэрнік.

Каталіцкія сем’і сёння складаюць абсалютную большасць слухачоў. Гэта не адмысловы падыход арганізатараў, а выпадковасць: запіс на заняткі быў адкрыты для ўсіх. Супрацоўнікі Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра спадзяюцца, што наступныя наборы будуць збіраць розных людзей. Спадарыня Шатэрнік падкрэслівае, што праблемы ва ўсіх сем’яў аднолькавыя. “Магчыма, у нашых каталіцкіх сужэнстваў меней страху і болей даверу. Яны больш адкрытыя, не баяцца задаваць пытанні, таму што ў іх ёсць базісны давер да нас як да хрысціянскіх спецыялістаў”, – кажа суразмоўца.

Жывыя сустрэчы ствараюць магчымасць непасрэднага кантакту спецыялістаў і бацькоў. Вольга Паўлоўская кажа, што такі фармат дазваляе бацькам задаваць пытанні, заснаваныя на іх уласным досведзе выхавання дзяцей. Псіхолагі ўлічылі ў практычнай частцы і працу над адносінамі сужэнцаў. Водгукі, якія арганізатары атрымліваюць ад бацькоў, пацвярджаюць слушнасць гэтага падыходу. “Прыемна, што людзі задаюць шмат пытанняў, паглыбляюцца і, атрымліваючы адказы, часам кажуць: “О, а так можна было?” Безумоўна, гэта немагчыма параўнаць ні з якімі анлайн-курсамі. І па-чалавечы гэта проста прыемна”, – дзеліцца Воля Шыкіна.

Свой курс арганізатары параўноўваюць з паходам у Касцёл. “Чалавек можа прыходзіць у храм, пагаджаючыся са сваёй грэшнасцю і недасканаласцю. Падобна і на нашым курсе бацькі могуць разумець сваю недасканаласць, а разам з гэтым атрымаць разуменне і магчымасці вырашэння пэўных пытанняў”, – кажа спадарыня Шыкіна.

Планы на будучыню

“На дадзены момант галоўнае для нас – давесці да выпуску першую групу і прааналізаваць, як прайшоў курс. Улетку, магчыма, мы арганізуем асобныя сустрэчы ці семінары для бацькоў. А з верасня хочам працаваць крыху інакш: напэўна, будзе некалькі асобных курсаў – для сужэнстваў, якія рыхтуюцца да бацькоўства, для бацькоў дашкольнікаў, для бацькоў падлеткаў”, – распавядае Кацярына Шатэрнік.

Уражаныя поспехам першай “Бацькоўскай акадэміі”, арганізатары ўпэўненыя, што колькасць удзельнікаў будзе толькі расці. Вольга Шыкіна дзеліцца марай, каб “адукацыя для людзей набірала важнасць не толькі ў прафесійным плане, але і ў сямейным”. “Гэта павышае якасць стасункаў, дзякуючы чаму павышаецца і якасць жыцця”, – падкрэслівае яна. У сваю чаргу Вольга Паўлоўская падсумоўвае: “Дзеці вяртаюць нас у стан дзяцінства, і дзякуючы ім разумееш, што шчасце – у простым. Свет класны, нягледзячы на складанасці”.

Арцём Ткачук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі