Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Навагрудку асвеціць адбудаваны алтар і ўрачыста адкрые мастацкую выставу

19 чэрвеня ў 11.00 у касцёле Cвятога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбудзецца ўрачыстае асвячэнне алтара Святога Крыжа, якое здзейсніць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Алтар Святога Крыжа быў знішчаны ў савецкія часы, разам з касцёлам. Некалькі месяцаў таму намаганнямі мясцовай супольнасці вернікаў і людзей добрай волі ён быў адбудаваны паводле старых фотаздымкаў. Ансамбль барочнага алтара ўпрыгожвае фігура ўкрыжаванага Езуса Хрыста, якая, паводле версіі некаторых гісторыкаў, паходзіць са знішчанага і ўжо неіснуючага касцёла айцоў езуітаў у Навагрудку.

Пасля асвячэння алтара ў 12.30 на плошчы перад касцёлам адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы пад назвай “Храмы Радзімы” мастака Анатоля Наліваева, якога мастацтвазнаўцы называюць Напалеонам Ордай ХХ стагоддзя. Экспазіцыя складаецца з 78 мастацкіх твораў, на якіх выяўлены захаваныя і незахаваныя касцёлы з усёй Беларусі, а таксама Віленшчыны.

Уваход на выставу вольны.

кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку