Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Маці Божай Гудагайскай свой біскупскі пярсцёнак

20-21 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі ўрачыстасці. Сёлета дыяцэзіяльны санктуарый Гродзеншчыны дзякуе Богу за 260 гадоў з пачатку служэння ў святыні манахаў кармэлітаў босых. Асаблівым чынам маліліся і за пастыраў, якія сёлета адзначаюць значныя гадавіны свайго жыцця: арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які 35 гадоў таму, 25 ліпеня 1989 года, менавіта ў Гудагаі быў абвешчаны біскупам; біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, якому спаўняецца 75 гадоў; біскупа Казіміра Велікасельца, які адзначае 25 гадоў біскупскага служэння і 40 гадоў святарства, архімандрыта Сяргея Гаека, які адзначанае 50 гадоў святарства і 75 гадоў жыцця, кс. Уладзіслава Завальнюка з 50-годзем святарства. З вялікай радасцю прывіталі ў санктуарыі новапасвячанага біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.

Галоўную адпустовую святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Прысутнічалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Напачатку кусташ санктуарыя а. Аркадзь Куляха OCD прывітаў пілігрымаў з Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі на адпустовыя ўрачыстасці.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш прыгадаў той час, як 35 год таму 25 ліпеня яму ўдалося стаць удзельнікам цуда пачатку адраджэння Касцёла ў нашай бацькаўшчыне. “Ян Павел ІІ прызначыў мяне першым пасля другой сусветнай вайны біскупам. Цяжка было ў гэта паверыць”, — адзначыў іерарх.

На заканчэнне ўрачыстасці, калі былі скіраваны словы віншаванняў юбілярам, словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі святкавання фэсту, адбыўся кранальны момант.  Арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч пакінуў у дар Маці Божай Гудагайскай свой біскупскі пярсцёнак на знак удзячнасці за Яе дапамогу і апеку на працягу ўсяго яго служэння, асабліва ў тыя першыя вельмі складаныя гады адраджэння Касцёла ў Беларусі і Расіі. Бо менавіта гэты пярсцёнак і іншыя сімвалы біскупа разам з пасвячэннем тады яшчэ кс. Тадэвуш атрымаў 20 кастрычніка 1989 года з рук Папы Яна Паўла II. Святы Айцец тады падтрымаў святара словамі: «Тадэвуш не бойся! Я за цябе малюся!».

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку