Ўсё больш у Беларусі можна заўважыць пэўную тэндэнцыю або, проста кажучы, моду. Беларусы, асабліва маладыя, упарта шукаючы сваёй тоеснасці, сваіх каранёў, звяртаюцца да паганскіх сімвалаў. Мы бачым усё большае захапленне вышыванкамі, некаторыя нават, аддаючы даніну модзе, набіваюць гэтыя сімвалы на сваім целе.
Вядома, што размаляванае людское цела ў старажытнасці несла нейкую інфармацыю і для тых, хто меў пэўныя выявы, і для тых, хто іх бачыў. У большасці гэта быў сакральны або ваенны кантэкст. Біблія выразна адмоўна ставіцца да такой практыкі (кн. Лявіта 19, 28; кн. Другазаконня 14, 1). Аднак у гэтым артыкуле мы не будзем падрабязна раскрываць духоўныя пагрозы татуяванага цела, а толькі звернемся да старажытных паганскіх сімвалаў.
Уплывы паганства
Вядома, нашыя продкі, плямёны, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ці гэта б былі крывічы, дрыгавічы, радзімічы або яцвягі, хаця і былі паганцамі, але ўсё ж такі іх можна лічыць плямёнамі рэлігійнымі. Трэба заўважыць, што сёння таксама цяжка знайсці на зямлі якое-небудзь яшчэ існае арэлігійнае племя. Чалавек па сваёй сутнасці з’яўляецца істотай рэлігійнай. Нашыя продкі верылі ў жыццё пасля смерці. Пра што, зрэшты, сведчаць розныя бытавыя і вайсковыя прадметы, знойдзеныя ў пахаваннях, або да сёння захаваны звычай, асіміляваны ва Ўсходняй Царкве: прынашэнне і нават падсілкоўванне на могілках рознымі стравамі (у праваславных – на свята Радуніцы, у дзень успаміну памерлых). Ва ўсім гэтым прасочваецца сувязь з памерлымі, а значыць, і вера ў жыццё вечнае.
Была ў нашых продкаў таксама вера ва ўваскрашэнне целаў. Няпроста так пахаванні мелі курганавы выгляд. Некаторыя даследчыкі-рэлігіязнаўцы кажуць пра такую з’яву, якая паявілася менавіта ў канцы мегалітычнага перыяду, называючы яе англійскім словам fat lady, што літаральна перакладаецца як “поўная жанчына”, але метафарычна, на думку даследчыкаў, fat lady сімвалізуе жанчыну, якая чакае дзіця. Кожны можа здагадацца, што ў гэтым новым нараджэнні закладзеная думка пра ўваскрашэнне целаў. Гэта значыць, што ў нашых продкаў была вера ў тое, што пахаванае цела калісьці ўваскрэсне, злучыцца з душою і чалавек народзіцца да новага жыцця. Дарэчы, водгукам пра гэтую з’яву ў Беларусі захавалася традыцыя рабіць могілкі з насыпкай.
Капішчы і паганскія багі
Так, нашыя продкі былі рэлігійныя, і часам мелі вельмі добрую інтуіцыю. Але ўсё ж такі ў большасці іх вераванні былі паганскія, бесаўскія. Пакланяліся яны выдуманым імі розным ідалам, як, напрыклад, галоўнаму богу Перуну, стваральніку маланкі, грому і дажджу, а таксама апекуну вайны. Далей складалі яны ахвяраванні ніжэйшым рангам трыццаці іншым ідалам: Белабогу – галоўнаму богу неба, Белуну – богу зямлі, Вялесу – апекуну жрацоў і дамашняй скаціны, Жыжэлю – богу агню, Жыценю – богу восені, Карачуну – богу смерці, Кону і Радзе – багам чалавечага лёса, Шчадрацу – богу вяселля, Ярылу – апекуну ураджайнасці, Купалу – богу добрага выбару сужэнца… Канешне, першабытны чалавек, як, зрэшты, і яго сучаснік, прагнуў быць багатым, шчаслівым і таму звяртаўся па дапамогу, не падазраючы нават, што вельмі часта за тымі “багамі” хаваліся дэманы.
Хіба не трэба тут нагадваць, што ў розных кутках Беларусі захаваліся паганскія ахвярнікі-камяні, на якіх, паміж іншым, прыносілі ў ахвяру сваіх жа дзяцей. Нашая зямля проста кішэла ад паганскіх капішчаў. І звычайна хрысціянства вельмі цяжка прабівалася праз гэтыя паганскія звычаі. Як падаюць гісторыкі, апошняе такое капішча існавала ў Мінску ажно да 1904 г., і займалася гэтай паганскай святыняй сям’я прафесійных дынастычных чараўнікоў. У такіх месцах звычайна гарэў увесь час агонь, бывала, знаходзіўся там вуж, якога сілкавалі малаком і, безумоўна, былі розныя выявы або, лепш сказаць, закадаваныя ў сімвалах ідалы. Гэтыя сімвалы пакідалі таксама на полі, трымалі ў хаце або нашывалі сабе на вопратцы, звычайна вакол шыі, як абярэг, “абарону ад зла”.
Раней ужо гаварылася, што сімвал – гэта не проста знак, які накіроўвае да нейкай рэчаіснасці, але ён аўтаматычна ўключае ў гэтую рэчаіснасць таго, хто свядома ці несвядома карыстаецца ім. Нездарма з прыходам хрысціянства ўсе паганскія сімвалы замяняліся хрысціянскімі, ці гэта б былі гербы гарадоў, ці беларускі нацыянальны бел-чырвоны-белы сцяг, які, дарэчы, дагэтуль знаходзіцца на літургічным аддзенні архірэяў Усходняй Царквы і сімвалізуе абяленне душы чалавечай Кроўю Хрыста.
Вяртанне да хрысціянскіх каранёў
Таму, беручы пад увагу ўвесь гэты гістарычны кантэкст, вернікаў турбуе, што сёння гэтыя паганскія сімвалы з хуткасцю святла распаўсюджваюцца ў грамадстве не толькі сярод маладых людзей, але і ў дзяржаўнай сімволіцы. Варта ўспомніць пра новыя манетарныя грошы або дзяржаўны сцяг. Іх, на жаль, можна сустрэць таксама сярод прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і звычайна на літургічным адзенні! Святы Папа, Ян Павел II, пілігрымуючы ў свой час у Францыю, заклікаў грамадзян гэтай краіны вярнуцца да сваіх каранёў, да хрысціянскіх. Гэта, безумоўна, датычылася не толькі Францыі, але і ўсёй Еўропы, гэта тычыцца таксама і нас, нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага. Езус прынёс нам святло, прынёс надзею, каб мы не жылі ўжо ў страху і цемры і не знаходзіліся пад дэманскаю ўладаю. Вядома таксама, што кожны народ, які глыбока прыняў Слова Божае, зрабіў у будучым якасны цывілізацыйны і культурны скачок. Таму ці не варта было б нам, грамадзянам Беларусі, усё больш і глыбей вяртацца таксама да сваіх каранёў, да хрысціянскіх? І, канешне, думаць, якімі сімваламі ці выявамі мы карыстаемся.
а. Віталь Сапега, дамініканін, Віцебск
для друку