Айцец Віктар Мялешка. Гутарка з маладым францішканінам

Пан Бог заўсёды блізкі да чалавека. Ён любіць і запрашае да блізкіх адносін і супрацоўніцтва. Калі на заклік Божай любові чалавек адказвае “так”, у жыцці адбываюцца неверагодныя рэчы. Сёння мы паразмаўлялі з айцом Віктарам Мялешкам, францішканінам, ініцыятарам і кіраўніком экстрэмальна-пакутніцкай пілігрымкі Удзела – Браслаў 2022.

– Айцец Віктар, скажыце, калі ласка, пару слоў пра сябе: дзе нарадзіліся, у якой сям’і выхоўваліся і як адчулі голас паклікання?

– Я нарадзіўся ў Гродне, у лістападзе 1994 года. У красавіку 1994 года атрымаў сакрамант хросту, падчас якога мяне назвалі Віктарам. Я ўдзячны бацькам за тое, што выбралі гэтае імя для мяне, бо я яго сапраўды люблю. Мая сям’я змешаная – каталіцка-праваслаўная, але бацькі, калі бралі сакрамант шлюбу ў касцёле, абяцалі выхаваць мяне ў каталіцкай веры. Таму мама прывяла мяне на катэхезу да Першай Святой Камуніі. Упершыню прыняў Цела Хрыста ў 2007 годзе, маючы 13 гадоў. З гэтага моманту пачалося маё свядомае духоўнае жыццё.

Трэба сказаць, што законная сястра, якая вяла катэхезу, была з Польшчы і па-польску праводзіла заняткі. Я нічога не разумеў, але нейкім цудам здаў экзамен і прыняў Езуса Хрыста ў сваё сэрца. Тады захапіўся духоўным жыццём, адкрыў яго для сябе. У той час адказным за міністрантаў у парафіі быў Павел Раманчук (сёння – айцец Павел, францішканін, які служыць у Івянцы). Сустрэліся мы ў школе, ён успомніў, што бачыў мяне ў касцёле, узяў нумар тэлефона і запрасіў служыць міністрантам пры алтары. Айцец Павел (тады – проста Паша) захапіў мяне сваёй паставай. Я хацеў быць міністрантам, такім як ён. Бо, будучы вучнем старэйшых класаў, Паша насіў вялікі крыж, заўсёды стаяў пры алтары і быў для мяне прыкладам.

Я таксама пачаў хадзіць кожны дзень на святую Імшу і служыць пры алтары. Лічу, што ўжо тады Пан Езус пачаў наводзіць парадкі ў маім сэрцы.

Другой сям’ёй для мяне стала душпастырства францішканскай моладзі. Гэта была цудоўная супольнасць, дзе мы сустракаліся некалькі разоў на тыдзень. Бацькам здавалася, што я жыву больш пры парафіі, чым дома. І сапраўды, я памятаю адно лета, калі дома за тры месяцы я прабыў усяго сем дзён.

Адным словам, я заўсёды актыўна ўдзельнічаў у парафіяльным жыцці. І калі надышоў час рабіць выбар, кім стаць у дарослым жыцці, ідэй было шмат. Але заўсёды адчуваў голас паклікання, жаданне пайсці ў францішканскі ордэн. Святары, якіх я бачыў, вельмі ўзрушалі сваёй паставай і прыкладам жыцця. Я марыў быць такім, як яны, мець такі ж падыход да жыцця, хацеў быць разам з імі, бо бачыў іх стасункі між сабой, бачыў атмасферу, якая панавала ў кляштары, адчуваў, што іх сэрцы заўсёды напоўненыя радасцю, нават калі было цяжка. Я вельмі жадаў такім стаць, імкнуўся да гэтага і ў супольнасці францішканаў адкрываў сваё пакліканне. Такім чынам, у адзінаццатым класе я добра ведаў, што, калі не стану законнікам, то буду шкадаваць усё жыццё. З выбарам закону пытанняў не было таксама: я заўсёды ведаў, што або стану францішканінам, або буду мужам і татам.

Так я пайшоў да францішканаў. Нічога дзіўнага не адбылося з тым пакліканнем: не прыйшоў да мяне анёл. Голас паклікання – інтымная справа, гэты голас можна адчуць толькі сэрцам. Для гэтага патрэбныя цішыня і жаданне сапраўды слухаць. Я лічу, што пакліканне не трэба распазнаваць, яго трэба пачуць. Пакліканне – гэта ласка ў сэрцы. Калі я адчуў гэтую ласку, то з лёгкасцю пакінуў усё: сяброў, бацькоў, родных, нават раздаў сваё каляровае адзенне, бо лічыў, што ў кляштары мне не дазволяць яго насіць. Канешне, напачатку меў тугу па сям’і і блізкіх людзях, па доме. Але потым менавіта францішканская супольнась братоў стала маёй сям’ёй, а кляштар – домам.

Ведаю, што, калі б я не адказаў на заклік да святарства, Пан Бог блаславіў бы мяне на сужэнскае жыццё. Але дзякую Яму за пакліканне і адчуваю сябе шчаслівым, бо ад маладых гадоў магу служыць тут, у ордэне францішканаў. Ужо зараз я адкрываю для сябе: не важна Богу, дзе мы будзем і што мы выберам. Важна быць верным свайму пакліканню.

Будучы святаром, я праводжу рэкалекцыі для моладзі і студэнтаў. Гэта час, калі яны не маюць тэлефонаў, знаходзяцца ў цішыні, на адарацыі. Гэты час патрэбны не для таго, каб “загаварыць Бога”, але каб пачуць Яго голас.

Да мяне таксама Езус Хрыстус прамовіў менавіта ў цішыні. Я адчуў, што Бог кліча і запрашае мяне. І самае прыгожае, што ёсць у сапраўднай веры, – гэта свабода. Бог не кажа нікому “ты мусіш”, “ты павінен”. Бог кажа: “Запрашаю, ідзі за Мною. Калі хочаш быць шчаслівым – рабі тое і тое. Калі не хочаш быць шчаслівым – не рабі. Але ты свабодны”. Бог нас любіць, таму дае свабоду.

– Дзе Вы праходзілі манаскую фармацыю і якой была Вашая першая парафія?

– Час фармацыі для ўсіх францішканаў праходзіць у Польшчы. Пастулат і навіцыят я праходзіў у Смардзевіцах і шэсць гадоў семінарыі ў Лодзі. Што праўда, час семінарыі працягнуўся на сем гадоў. Пасля чацвёртага курса я ўзяў акадэмічны адпачынак. Гэта быў час адпачынку ад кніжак і лекцый, але вельмі багаты на душпастырскую дзейнасць. Менавіта гэта і была першая парафія ў маім душпастырстве. Я трапіў у Скаржыцка-Каменнае – вельмі добрую супольнасць, якая налічвала сем братоў. Меў там вялікае душпастырскае служэнне: праводзіў катэхезы, займаўся з дзеткамі ў святліцы, меў невялікі хорык. Гэта быў плённы год, калі я адкрыў шмат розных рэчаў пра сябе.

Пасля завяршэння семінарыі і святарскага пасвячэння быў скіраваны ў вёску Удзела (Віцебская дыяцэзія). Часам моладзь, якой апякуюся, жартуе, што ў Удзеле мне падабаюцца толькі прыгожыя захады сонца. Але гэта няпраўда. У гэтай вёсцы ў парафіяльнай супольнасці пануе цёплая, прыязная атмасфера, якая робіць маё служэнне вельмі цікавым.

Тут я займаюся маладым пакаленнем: праводжу спатканні, катэхезы ад першага класа і да адзінаццатага, апякуюся міністрантамі. Яшчэ я займаюся студэнтамі. Мара св. Максімільяна была здабыць свет для Беззаганнай. Таму ў працы са студэнтамі я выходжу за межы Удзела і імкнуся служыць для студэнтаў хаця б з Беларусі.

Апроч гэтага, я маю шматлікія абавязкі ў ордэне. Увогуле служэнне ў кляштары вельмі цікавае. З паслухмянасці ты робіш усё, “што ўпадзе на галаву”. Сёння можаш рабіць адно, заўтра другое. І не важна, ці ўмееш ты гэта рабіць, ці не. Калі робіш справы з паслухмянасці свайму настаяцелю, то Пан Бог дае адпаведныя таленты і магчымасць іх развіваць. Напрыклад, калі мне сказалі даглядаць кветкі, за першы год яны павялі. Але потым знайшоў і прачытаў добрую кніжку – і навучыўся.

Манаства – гэта добрая магчымасць навучыцца чамусьці новаму і зразумець, што вялікія рэчы прыходзяць праз пакору, моцаю Божай.

– Апроч катэхезаў, душпастырства моладзі, манаскіх абавязкаў Вы з’яўляецеся ініцыятарам і арганізатарам пакутніцкай экстрэмальнай пілігрымкі з Удзела ў Браслаў, якая адбылася ў гэтым годзе. Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя такой пілігрымкі?

– Ідэя пакутніцкіх пілігрымак з’явілася ад святога Францішка і францішканскай духоўнасці. Мне заўсёды была блізкай малітва перапрашэння за свае грахі.

Першая мэта такіх пілігрымак – гэта перапрасіць і адпакутаваць, памаліцца ў інтэнцыі прабачэння за свае грахі, за грахі сем’яў, за грахі Айчыны.

Асноўная ідэя пілігрымкі такая: калі чалавек адыходзіць ад Бога, знаходзіць сябе ў дабрабыце, у матэрыяльным шчасці. І вось, калі ў дарозе чалавек не мае матэрыяльнага дабрабыту, сустракае фізічныя цяжкасці, даходзіць да максімальнай стомленасці, то перастае разлічваць на сябе, а пачынае разлічваць на Пана Бога. Сама сітуацыя прымушае яго клікаць Бога, звяртацца да Яго, шчыра маліцца. У такіх умовах чалавек пачынае бачыць Божы Провід, Яго апеку і любоў.

Пілігрымка Удзела – Браслаў стала экстрэмальна-пакутніцкай. Экстрым заключаўся ў тым, што мы ішлі тры дні пад спёкай, несучы ўсе свае рэчы з сабою. Мы вырашылі не браць з сабой ні ежы, ні грошай, поўнасцю даверыліся Пану. Гэта сапраўды быў той момант, калі кожны стаў перад Богам з даверам і сказаў Яму: “Я – Тваё дзіця, Ты – мой Айцец, прашу, клапаціся пра мяне”.

Сімвалам пакуты быў крыж, які нёс у руках кожны ўдзельнік пілігрымкі. Мы перапрашалі за свае грахі, за грахі Касцёла і грахі краіны. Ісці з крыжамі ў пілігрымцы, пераадольваць шлях пры тэмпературы +30 С было вар’яцтвам. Але Бог даваў ласку, перамяняў нашыя сэрцы. Спачатку мы ўбачылі свае грахі, перапрашалі за іх, наноў вучыліся любіць сябе. Наступным крокам стала імкненне любіць іншых, перапрашаць і пакутаваць за грахі іншых людзей. Калі прасілі прабачэння за грахі Касцёла, гэта быў цудоўны час. Моладзь магла стаць у абарону Касцёла, маліцца і пакутаваць за іншых.

Заўважу, што падчас шляху мы не размаўлялі, не спявалі. Гэта быў шлях, поўны засяроджанасці, разважанняў, паглыблення ў сваё сэрца. Так у цішыні і малітве Пан Бог перамяняў нашыя сэрцы, і плён гэтага перамянення мы бачылі ўжо падчас пілігрымкі.

Да нас прыйшла ідэя зрабіць пілігрымкі “Пакутуем за….” і праводзіць іх з розных парафій. Ужо сёння запрашаю святароў і свецкіх асобаў падтрымаць гэтую ініцыятыву і прыняць удзел у такіх паломніцтвах, а можа, нават арганізаваць са сваіх парафій.

– Што найбольш радуе і натхняе ў Вашым святарскім служэнні?

– Найбольш радуе ўсведамленне таго, што Бог чувае, Бог побач незалежна ад таго, што мы робім: арганізоўваем нейкія ініцыятывы, ці проста выконваем свае штодзённыя абавязкі.

У душпастырскім служэнні радуе, калі бачу плён свайго служэння. Я шчаслівы, калі бачу, што моладзь, дзеці жывуць тым, чаму я іх навучаю, прыходзяць па парады, дзеляцца сваімі радаснымі і цяжкімі момантамі жыцця. Гэта знак таго, што я на добрым шляху.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка
Фота з уласнага архіва а. Віктара

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі