Агульнадыяцэзіяльная сустрэча руху “Маргарытка” з удзелам біскупа Алега Буткевіча прайшла ў Удзеле

У маленькім Беларускім Непакалянаве, што на Глыбоччыне, дзе самаахвярна працуюць айцы францішкане, 14 верасня ў свята Узвышэння Святога Крыжа сабраліся малітоўныя “кветкі”.

«Маргарытка» — апостальскі рух свецкіх людзей у Каталіцкім Касцёле, якія малітоўна апякуюцца духоўнымі асобамі. Яго чальцамі становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў з дапамогаю самай паспяховай хрысціянскай зброі, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Спатканне распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовай малітвай. Удзельнікам сустрэчы была прапанавана канферэнцыя, якую падрыхтаваў кс. канонік Мікалай Ціхановіч з Глыбокага. Святар паказаў, які павінны мець погляд свецкія людзі на святарства, распавёўшы прыклад Кацярыны дэ Гук-Дохерці — жанчыны з Амерыкі, якая як свецкі чалавек мела візію на святарства. Кс. Мікалай цытаваў урыўкі з малітоўнага дзённіка ірландскага святара “In Sinu Jesu”, дзе Езус шкадуе, што многія святары згубілі сяброўства з Ім. Але нягледзячы на ўпадкі і грахі святароў Езус не перастае іх любіць, а чакае навяртання, бо любіць іх бязмежнай любоўю. Кс. Мікалай заклікаў чальцоў руху, каб не толькі маліліся за ксяндзоў, але і не баяліся свае цярпенні ахвяроўваць за святароў, а таксама падчас адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту маліцца за сваіх душпастыраў: “Цярпенне і адарацыя – тое, што аднаўляе святарства ў Касцёле”.

Цэлебрацыю святой Імшы з удзельнікамі руху «Маргартытка» ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто ўзяў на сябе ў пэўным сэнсе такі крыж – малітву за духавенства і за ўсіх пакліканых да Божай службы.

Падчас гаміліі пастыр дыяцэзіі разважаў пра значэнне і шанаванне крыжа. “Сёння глядзець на крыж Езуса азначае верыць у Яго. З верай прымаць гэты знак, шанаваць гэты знак. Гэта важная рэч, да якой трэба зноў і зноў вяртацца”. Біскуп Алег прыгадаў, што чалавек свой дзень раніцай распачынае знакам крыжа, нават, калі не паспявае адмовіць пацеры, гэта ўжо малітва. Далей кожная літанія ці ружанец, літургія, святая Імша распачынаецца знакам крыжа, адказваем на бласлаўленне, якое атрымліваем, таксама знакам крыжа. І надалей іерарх засцярог, каб гэта не было проста нейкім узмахам рукі, бо часта прызвычаіліся да яго. “Просты знак, але гэта знак нашага збаўлення. І ўжо адсюль павінна быць павага да Крыжа, якую маем праявіць”.

На заканчэнне сустрэчы, ужо па добрай традыцыі ўдзельнікі зрабілі агульны фотаздымак.

Існуе меркаванне, што святы ксёндз асвячае ўсю парафію. Дык давайце ж дапаможам нашым святарам быць святымі!

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі