Адбылася пілігрымка з Гродна ў Капцёўку з нагоды пачатку навучальнага года

Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы з нагоды пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года.

Пілігрымка вырушыла з парафіі Святога Духа (Альшанка) пад кіраўніцтвам вікарыя парафіі кс. Андрэя Струкеля.

У набажэнстве ўдзельнічала каля 250 вернікаў розных парафій і рознага ўзросту: малодшаму не споўнілася і года, старэйшаму было 75. Усе яны аб’ядналіся, каб прыйсці да Маці Божай. Таксама да Панны Марыі ішлі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія маліліся аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год.

На Узгорку надзеі пілігрымаў сустрэў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які кожны год адчыняе дзверы сваёй парафіі для ўсіх жадаючых.

На святой Імшы кусташ заклікаў дзяцей і дарослых часцей звяртацца да Маці.

“Ружанец – гэта тэлефон, па якім мы можам пазваніць да Маці Божай. І мы павінны карыстацца такой магчымасцю кожны дзень нашага жыцця”, – падкрэсліў святар.

На заканчэнне пілігрымкі дзяцей чакалі спевы, танцы і забавы, каб з усмешкай і добрым настроем распачаць новы навучальны і катэхетычны год.

Grodnensis.by

для друку для друку