Абнародаваны спіс удзельнікаў Сінода Біскупаў

Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала спіс удзельнікаў XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, якая адбудзецца 3-28 кастрычніка гэтага года.

Форум будзе праходзіць пад старшынствам Папы Францішка. Беларусь на ім прадставіць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Усяго ў спісе больш за 400 асобаў.

Генеральным сакратаром Сінода Біскупаў застаецца кардынал Ларэнца Балдзісэры. Чатыры дэлегаваныя старшыні: іракскі кардынал Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілонскі Халдэйскай Каталіцкай Царквы; мадагаскарскі кардынал Дэзірэ Царахазана, арцыбіскуп Туамасіна; м’ямнанскі кардынал Чарльз Маўнг Бог, арцыбіскуп Янгона; а таксама кардынал Джон Рыбат, арцыбіскуп Порт-Морсбі з Папуа-Новай Гвінеі.

Новаўвядзеннем сёлетняга Сінода стала стварэнне адмысловай Інфармацыйнай камісіі. Яе старшынёй быў прызначаны Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, а сакратаром – кс. Антоніа Спадара, галоўны рэдактар старэйшага італьянскага каталіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”.

У спісе удзельнікаў-аўдытараў – шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з розных краін свету, а ў спісе братэрскіх дэлегатаў – прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхату, Румынскай Праваслаўнай Царквы, Сусветнай Рады Цэркваў, Сусветнай Лютэранскай Федэрацыі і Сусветнага Саюза Рэфармаваных Цэркваў. Спецыяльным запрошаным госцем асамблеі будзе прыёр Супольнасці з Тэзэ, брат Алаіз Лозэр.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі