Маці Божая ў гасцях у францішканаў. Перэгрынацыя копій Марыйных абразоў у Удзела

22 жніўня парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела (Глыбоцкі дэканат) стала цэнтрам асаблівага малітоўнага чування. Мясцовыя вернікі разам з братамі францішканамі прынялі эстафету перэгрынацыі спісаў цудадзейных Марыйных абразоў з найважнейшых каталіцкіх санктуарыяў Беларусі. Гэты візіт прынёс у старадаўнія сцены кляштара атмасферу глыбокай пашаны, еднасці і духоўнага аднаўлення. Марыйныя абразы прыбылі з суседняй парафіі святой Ганны ў Мосары, дзе знаходзіліся там двумя тыднямі раней.

Для францішканскай супольнасці, якая стагоддзямі развівае марыйны культ і асабліва шануе Беззаганнае Зачацце, сустрэча адразу некалькіх славутых выяваў Багародзіцы, сярод якіх не толькі Браслаўскі вобраз Марыі Апякункі Азёраў, свята ў гонар Якой адзначалася гэтым днём у Браславе і вядомыя выявы Будслаўскай, Гудагайскай, Гродзенскай, Лагішынскай Маці і іншыя абразы з Беларускіх санктуарыяў, але змаглі памаліцца вернікі і перад  выявай Маці Божай Нястомнай Дапамогі, што была перададзена з Рыму, мела глыбокае сімвалічнае значэнне.

Парафіяне на чале з душпастырам айцом Яраславам Банасяком OFMConv сустракалі спісы ікон, якія пад урачысты звон званіцы абразы былі ўнесены ў прыгожа касцёл і ўсталяваныя ў прэзбітэрыі, ствараючы велічны малітоўны алтар. “Маем гонар прывітаць разнастайныя выявы Маці Божай, якія нібы нагадваюць аб шматвяковай гісторыі веры нашых продкаў, якая вытрывала праз усе выпрабаванні”– дадаў пробашч парафіі.

Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк. Звяртаючыся да вернікаў святар  у сваім казанні адзначаецца важнасць месца сустрэчы ў францішканскім кляштары, дзе культ Беззаганнай Панны Марыі мае глыбокія карані. Святар заклікае вернікаў пераймаць пакору і адданасць Найсвяцейшай Матулі, падобна таму, як гэта рабіў святы Францішак Асізскі, 800-годдзе са дня смерці якого Каталіцкі Касцёл адзначае ў гэтым годзе. Значная частка прамовы прысвечана абароне хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў. Ксёндз прэлат заклікае бацькоў прыводзіць дзяцей да алтара, давяраць моладзь апецы Багародзіцы і горача маліцца за мір і дабрабыт на нашай зямлі.

У гаміліі было адзначана, што кожны сустрэты абраз — гэта н”апамін аб мацярынскай апецы, якую Марыя здзяйсняе над беларускай зямлёй”. Просьбы аб міры, здароўі для блізкіх і аб умацаванні пакліканняў гучалі ў гэты дзень асабліва горача.

Падзея сабрала не толькі жыхароў Удзела, але і шматлікіх пілігрымаў з суседніх парафій Глыбоччыны. Многія адзначалі, што магчымасць памаліцца перад усімі галоўнымі беларускімі абразамі ў адным месцы — гэта рэдкая і вялікая ласка. Каля абразоў напрацягу тыдня не сціхала ціхая малітва на каленях. Вернікі прыходзілі цэлымі сем’ямі, прыводзілі дзяцей, каб даверыць іх будучыню Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Падчас перэгрынацыя таксама адбылося агульнадыяцэзіяльнае спатканне ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка” з удзелам біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Разам удзельнікі змаглі прысвяціць сваё служэнне Богу праз Марыю.

Візіт ікон пакінуў глыбокі духоўны след у жыцці парафіі. Перэгрынацыя рушыла далей па Віцебскай дыяцэзіі, але святло малітвы і благаслаўленне, атрыманае ва Удзеле, яшчэ доўга будуць натхняць мясцовую каталіцкую супольнасць.

Дзякуючы трансляцыі на YouTube-канале “Голас Душы”, хваля малітвы выйшла далёка за межы парафіяльнага касцёла.

Віктар Ведзень

для друку для друку