У сённяшнім выпуску нашай моўнай старонкі гаворка пойдзе пра беларускія назвы ягад і іх ужыванне ў мове. Пра гэта просіць, у прыватнасці, чытачка “Каталіцкага Весніка” спадарыня Галіна С. з Лепельшчыны. “Цяпер шмат ёсць рознага матэрыялу па розных тэмах, – піша сп-ня Галіна. – У інтэрнэце не праблема знайсці адказ на любое пытанне, як здаецца. Але ж людзям старэйшага пакалення па звычцы прасцей нешта пачытаць у кнізе ці газеце. Вось мяне цікавяць правільныя беларускія назвы ягад. Дык ці можна было б для такіх, як я, людзей не зусім маладых, якія не надта “сябруюць” з інтэрнэтам, прапанаваць адпаведны матэрыял на старонках “Каталіцкага Весніка”? Буду вельмі ўдзячная!”
Нашая чытачка вельмі добра апісала сітуацыю, у якой часам апынаюцца людзі старэйшага пакалення, каторыя сапраўды не маюць навыкаў карыстання сецівам, але ж хочуць валодаць патрэбнай інфармацыяй. І тэма, якую ўзняла сп-ня Галіна, таксама падаецца нам досыць цікавай: беларуская мова мае ў многім свае ўласныя назвы ягад, каторыя яшчэ вылучаюцца і ў граматычным плане пры іх ужыванні ў камунікацыі. Таму паспрабуем разгледзець дадзенае пытанне, а таксама праілюструем наш матэрыял адпаведным кантэкстам з мастацкай літаратуры, што дасць нам дадатковую культуралагічную інфармацыю.
Ажыны (множны лік) – руская назва ежевика: Але я ўсю пушчу гэту / Абягаю з лета ў лета. / Пакажу, дзе шмат чарніц, / Шмат малін, ажын, суніц. Іван Муравейка.
Брусніцы (множны лік) – брусника: Усе сухія баравіны / Пакрыты завяззю брусніц. Пятро Глебка.
Буякі (множны лік) – голубика. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі. Барыс Сачанка. Заўважым тут, што буякі – гэта літаратурная форма. У гаворках жа актыўна выкарыстоўваюцца яшчэ і рэгіянальныя назвы – дурніцы, п’яніцы. Лічыцца, што побач з буякамі звычайна расце багун, які мае спецыфічны, характарыстычны водар. Таму пры збіранні буякоў і ўдыханні названага водару часта ўзнікае адчуванне лёгкага ап’янення. Адсюль і рэгіянальныя назвы гэтых ягад.
Журавіны (множны лік) – клюква: На блізкім балоце жанчыны збіраюць журавіны і брусніцы – восеньскія ягады. Васіль Каваль.
Клубніцы (множны лік) – клубника. Сонца грэла штодня, і клубніцы наліваліся ружовымі і ярка-чырвонымі барвамі. Васіль Каваль. У розных рэгіёнах Беларусі паралельна ўжываецца і іншая назва – трускалкі (трускаўкі). Але мы павінны памятаць, што гэта пазычанне з польскай мовы – truskałki. Таму ў нашай літаратурнай мове ўсё ж варта аддаваць перавагу назоўніку клубніцы.
Маліны (множны лік) – малина: Па вішнях і яблынях сонца разліта, / Яно над кустамі парэчак, малін. Пятрусь Броўка.
Суніцы (множны лік) – земляника: Летам каля старых сухіх пнёў рана паспяваюць духмяныя суніцы. Рыгор Ігнаценка.
Чарніцы (множны лік) – черника: Нясуць калгаснікі на рынак / Лясоў багатыя дары: / Маліны, зорныя суніцы, / Тугіх парэчак шрот буйны / І сававітыя чарніцы / З прыемным водарам лясным. Хведар Жычка.
Мы разгледзелі назвы лясных ягад. Варта памятаць, што яны ў беларускай мове маюць форму множнага ліку. Менавіта калі гаворка ідзе пра найменні ягад. Калі ж мы маем на ўвазе адну ягаду, то адзіночны лік дапушчальны: З’еш, сыночак, сунічку; Вазьмі журавінку, пакаштуй. Але нельга сказаць, да прыкладу, Я збіраюся ў маліну або Заўтра пайду ў журавіну. Тут павінна быць толькі форма множнага ліку.
А цяпер прапануем беларускія найменні ягад садовых.
Агрэст (адз. лік) – крыжовник: Ад шашы дом аддзяляўся садам з чатырох яблынь і кустамі агрэсту і парэчак. Янка Маўр.
Алыча (адз. лік) – алыча: Дзядуля Якуб надта ж любіў варэнне з алычы, дык мы стараліся яму з гэтым дагадзіць. Васіль Каваль.
Вішні (множны лік) – вишня: Ужо саспелі вішні, а іх сёлета было багата, як ніколі. Рыгор Ігнаценка.
Парэчкі (множны лік) – смородина: І я, задаволены гэткай сустрэчай, / Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, / Купіў на дарогу празрыстых парэчак / Ў жанчыны, падобнай на маці маю. Хведар Жычка.
Слівы (множны лік) – слива: Для каго паспелі слівы? / – Для Паўлушы, што за дзіва! Іван Муравейка.
Чарэшні (множны лік) – черешня: Клімат у нас не той, каб чарэшні добра паспявалі. Рыгор Ігнаценка.
Заўважым, што і сярод назваў садовых ягад большасць ужываецца толькі ў множным ліку. Пры гэтым, калі маецца на ўвазе дрэва, а не яго плады, то нарматыўнай будзе форма адзіночнага ліку: Пасадзіў вішню за хатай; Абрэзаў сліву, што расце ля дарогі; Падкарміў чарэшню вясной.
Такім чынам, мы разгледзелі беларускія назвы некаторых ягад. Яшчэ раз падкрэслім, што найчасцей нарматыўнай з’яўляецца форма множнага ліку. У гэтым заключаецца істотнае граматычнае адрозненне беларускай мовы ад рускай.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе цікавым і карысным не толькі для аўтаркі пытання – спадарыні Галіны С., але і для ўсіх нашых чытачоў.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!