Каталіцкі Касцёл: паміж хрысціянскім сіянізмам і хрысціянскім антысемітызмам

Канфлікт на Блізкім Усходзе, які з новай моцай разгарэўся амаль тры гады таму, таксама завастрыў пытанне датычна таго, наколькі хрысціяне маюць падтрымліваць Ізраіль у яго ўнутранай і вонкавай палітыцы. І якім увогуле мае быць стаўленне хрысціянаў да юдэяў.

7 кастрычніка 2023 года прадстаўнікі палесцінскай тэрарыстычнай арганізацыі “Хамас” нечакана напалі на Ізраіль. Больш як тысяча ізраільцянаў былі забітыя, некалькі тысяч параненыя і 251 узятыя ў закладнікі. Гэтыя падзеі справакавалі буйны крызіс на Блізкім Усходзе, які з часам ахапіў большасць краін рэгіёну – ад Лівана да Ірана – ды прывёў да гібелі дзясяткаў тысяч людзей. Пры тым і вайсковыя дзеянні, і практыкі Ізраілю таксама выклікалі шмат пытанняў, што з новай моцай узняло праблему стаўлення хрысціянаў да яўрэйскай дзяржавы.

Хрысціянскі сіянізм

Сярод заходніх хрысціянаў, перадусім вернікаў розных пратэстанцкіх дэнамінацыяў, даволі пашыранай з’явай з’яўляецца хрысціянскі сіянізм. Гэты палітычны і рэлігійны рух падтрымлівае вяртанне габрэяў на Святую Зямлю, што ахоплівае сучасныя Ізраіль і Палесціну. Пры гэтым хрысціянскія сіяністы, грунтуючыся на раздзеле 15 “Кнігі Быцця”, мяркуюць, што ўся Святая Зямля мусіць належыць сённяшняму Ізраілю.

Прыхільнікі хрысціянскага сіянізму мяркуюць, што сваёй падтрымкай Ізраіля яны таксама спрыяюць выкананню біблейскіх прароцтваў і набліжаюць другое прыйсце Езуса Хрыста.

Паводле апытання LifeWay, праведзенага ў ЗША ў 2017 годзе, 80% евангельскіх хрысціян лічылі, што стварэнне Ізраіля ў 1948 годзе было выкананнем біблейскага прароцтва пра вяртанне Хрыста, і больш за 50% евангельскіх хрысціян заяўлялі, што падтрымліваюць Ізраіль, бо гэта важна для выканання прароцтва.

Адпаведна ў ЗША хрысціянскія сіяністы складаюць значную палітычную сілу, якая сур’ёзна ўплывае на палітыку, у тым ліку кіроўнай сёння рэспубліканскай адміністрацыі. Гэтак, арганізацыя “Хрысціяне за Ізраіль” (CUFI), якая налічвае больш за 10 мільёнаў чальцоў, актыўна лабіруе праізраільскую палітыку Вашынгтона, уключаючы перанос пасольства ЗША ў Іерусалім у 2018 годзе, што выклікала пратэсты ў арабскім свеце. Падтрымалі хрысціянскія сіяністы і пачатую сёлета вайну ЗША і Ізраіля супраць Ірана, што спрычынілася да глабальнага нафтавага крызісу. Напрыклад, заснавальнік CUFI Джон Хагі назваў атаку на Іран часткай “Боскага плану”.

Да прыхільнікаў хрысціянскага сіянізму выданне UCANews (Union of Catholic Asian News) адносіць міністра вайны ЗША Піта Хегсета, амбасадара ў Ізраілі Майка Хакабі, спікера Палаты прадстаўнікоў Майка Джонсана, былога віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса. Пры гэтым хрысціянскія сіяністы пазбягаюць крытыкі палітыкі Ізраіля. Да прыкладу, у лютаўскім інтэрв’ю амерыканскі амбасадар у Ізраілі Хакабі, які таксама з’яўляецца баптысцкім пастарам, на заўвагу, што ад ізраільскіх удараў гінуць у тым ліку палесцінскія хрысціяне, ускладаў усю віну за гэта на “Хамас” і падкрэсліваў гуманнасць уладаў Ізраіля.

Мясцовыя хрысціяне маюць іншую думку

А вось блізкаўсходнія хрысціяне да хрысціянскага сіянізму ставяцца, мякка кажучы, насцярожана. 17 студзеня 2026 года патрыярхі і кіраўнікі цэркваў Святой Зямлі, што аб’ядноўваюць рымска- і ўсходнекаталіцкіх, праваслаўных, армянскіх, англіканскіх, копцкіх, эфіопскіх ды іншых іерархаў, выступілі з супольнай заявай, у якой адрынулі хрысціянскі сіянізм. Яны наўпрост падкрэслілі, што гэтая ідэалогія з’яўляецца “згубнай”, уводзіць грамадскасць у зман, сее замяшанне і наносіць шкоду адзінству нашай паствы. Гэтыя дзеянні атрымалі падтрымку сярод некаторых палітычных дзеячаў у Ізраілі і за яго межамі, якія імкнуцца прасоўваць палітычны парадак дня, каторы можа нанесці шкоду хрысціянскай прысутнасці на Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе ў цэлым”, – гаварылася ў заяве.

Як пісаў сёлета ў сакавіку сузаснавальнік канадскага каталіцкага выдання LifeSiteNews Джон-Генры Ўэстэн, сіянізм “настройвае пратэстанцкіх палітыкаў у Амерыцы супраць вернікаў-каталікоў”. На яго думку, “сіянізм стаў новым лакмусавым тэстам для ўлады ў рэспубліканскіх колах, і пратэстанцкія галасы ўсё часцей звяртаюцца супраць каталікоў, якія адмаўляюцца яму падпарадкоўвацца”. У прыватнасці, ён згадаў, што міністр вайны ў дзейнай адміністрацыі Піт Хегсет запрасіў з казаннем у Пентагон 18 лютага пастара Дага Уілсана, які “адкрыта заклікае да забароны каталіцкіх публічных працэсій у хрысціянскай краіне: Крыжовага шляху, Марыйных, эўхарыстычных, ружанцовых шэсцяў – усіх”. Таксама з прэзідэнцкай камісіі ў пытаннях рэлігійнай свабоды была звольненая адзіная каталічка Кэры Прэжан Болер, каторая крытыкавала адкрыта праізраільскую палітыку Вашынгтона. На думку Ўэстэна, маўчанне віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса і дзяржсакратара Марка Рубіа – абодва каталікі – па яе звальненні “кажа шмат пра што”. Згадаў ён і словы сенатара Тэда Круза, былога каталіка, а цяпер баптыста, пра тое, што каталіцкі лозунг “Хрыстос – Валадар” з’яўляецца антысеміцкім.

Іншая крайнасць

Разам з тым варта прызнаць, што ў сваёй крытыцы хрысціянскага сіянізму або канкрэтных дзеянняў ізраільскага ўраду асобныя каталіцкія дзеячы або актывісты відавочна пераходзяць межы. Напрыклад, вядомая амерыканская кансерватыўная спікерка Кэндыс Оўэнс, якая ў 2024 годзе перайшла з пратэстанцтва ў каталіцтва, таксама пачынала з крытыкі падтрымкі Вашынгтонам палітыкі Ізраіля, крытыкавала ізраільскія ўдары па хрысціянскіх святынях і “халакост, учынены над палесцінскімі дзецьмі і жанчынамі”. Але з часам перайшла ў сваіх заявах да непрыхаванага антысемітызму.

Яна неаднаразова заяўляла, што нібыта габрэі, да якіх яна адносіла ў тым ліку Іосіфа Сталіна, кіруюць ЗША, светам і СМІ ды развязалі вайну ва Украіне, каб адпомсціць Расіі.

Менавіта на іх яна ўскладала віну за гандаль рабамі ў мінулым, сексуальныя злоўжыванні ў Касцёле ды хвалілася званнем “Антысеміт 2024 года” ад арганізацыі StopAntisemitism.

Агулам антысемітызм уласцівы і іншым ультраправым палітыкам, якія ў тым ліку пазіцыянуюць сябе каталікамі. Гэтак, польскі еўрадэпутат і лідар Канфедэрацыі польскай кароны Гжэгаж Браўн, звязаны з традыцыяналісцкімі рухамі, вядомы не толькі крытыкай Украіны, але і Ізраіля. Напрыклад, ён праславіўся тым, што з дапамогай вогнетушыцеля патушыў юдэйскую мінору ў польскім Сейме, а ў дзень памяці ахвяраў канцлагера ў Асвенціме заклікаў маліцца “за ахвяраў габрэйскага генацыду ў Газе” ды агулам адмаўляў газавыя камеры і пагромы падчас Другой сусветнай вайны.

Яго заявы і дзеянні выклікалі ў тым ліку моцнае супрацьдзеянне польскага каталіцкага епіскапату. Так, у адказ кардынал Гжэгаж Рысь, мітрапаліт Лодзі і старшыня Камітэта біскупскай канферэнцыі Польшчы па дыялогу з юдаізмам, мусіў падкрэсліць летась, што “антысемітызм у любой форме, згодна з вучэннем Касцёла, ёсць грахом і маральным злом”. “Словы Гжэгажа Браўна злыя і спараджаюць зло. Датычна іх нельга маўчаць і да іх нельга ставіцца легкадумна”, – падкрэсліў тады ж Мітрапаліт Варшаўскі арцыбіскуп Адрыян Гальбас.

А сёлета польскія біскупы нават выпусцілі адмысловы ліст, прымеркаваўшы яго фармальна да 40-й гадавіны наведвання Папам Янам Паўлам ІІ сінагогі – упершыню з апостальскіх часоў. У прыватнасці, яны адзначылі, што “адным з такіх смяротных дэфіцытаў любові быў (і, на жаль, да гэтага часу застаецца) антысемітызм”.

Біскупы нагадалі, што 28 кастрычніка 1965 года Другі Ватыканскі Сабор прыняў Дэкларацыю Nostra aetate, якая стала паваротным момантам у стасунках паміж Каталіцкім Касцёлам і габрэямі ды юдаізмам. А Каталіцкі Катэхізіс, насуперак ранейшым практыкам, ускладае адказнасць за смерць Езуса на крыжы не на габрэяў, а перадусім на хрысціянаў, якія чыняць грэх.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку