Шахматы перажываюць сапраўдны росквіт папулярнасці. Але мала хто ведае, што гэтая старажытная гульня была любімым заняткам некаторых святых. Яны выкарыстоўвалі яе для ўмацавання сяброўства, стварэння магутных духоўных вобразаў ці проста для адпачынку. Вось пяць святых, якія былі заўзятымі аматарамі шахмат.
1. Святы Томас Бэкет
Арцыбіскуп Кентэрберыйскі ў XII стагоддзі часта гуляў у шахматы са сваім найлепшым сябрам, каралём Генрыхам II. Казалі, што яны мелі «адно сэрца і адзін розум», аднак іх адносіны азмрочыў канфлікт аб правах і прывілеях Касцёла. Забойства Бэкета, учыненае беззаконна ад імя караля, прывяло да публічнага пакаяння Генрыха II ля магілы святага арцыбіскупа.
2. Святы Караль Барамэй
Гэты італьянскі кардынал быў заўзятым шахматыстам. Аднойчы яго спыталі: «Ваша Эміненцыя, калі б вам сказалі, што вы вось-вось памраце, што б вы зрабілі?» Ён адказаў: «Мне варта скончыць гэтую партыю ў шахматы. Я пачаў яе дзеля хвалы Божай і павінен скончыць з той самай інтэнцыяй».
3. Святы Францішак Ксаверый
Місіянер XVI стагоддзя адыграў важную ролю ў распаўсюджванні хрысціянства ў Індыі, Японіі і на Малайскім архіпелагу. Езуіт быў прыхільнікам шахмат. Ён часта гуляў у дамах сяброў, а таксама не цураўся садзіцца за шахматную дошку з салдатамі.
4. Святы Ян Павел II
Папа-паляк быў прыхільнікам шахмат. У 1999 годзе Міжнародная шахматная федэрацыя (FIDE) прысвоіла яму тытул «Вялікі камандзір легіёна гросмайстраў» (Grand Commander of the Legion of Grandmasters) — гэта ганаровае званне, якое Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) прысуджае за выдатны ўклад у папулярызацыю шахмат.
5. Святая Тэрэза Авільская
Хоць яна сама іграла, шахматы адыгралі вялікую ролю ў яе жыцці. У XVI раздзеле сваёй «Дарогі дасканаласці» яна не хавала, што захапляецца гэтай гульнёй, і выкарыстала цікавую аналогію. Яна сцвярджала, што шахматы падобныя на шлях, які вядзе душу да Бога праз малітву: наймацнейшай фігурай, якой валодае гулец, з’яўляецца Каралева, іншымі словамі — Марыя. Гэта параўнанне зрабіла кармэлітку заступніцай шахмат.
Як бачым, шахматы могуць быць не толькі захапляльнай гульнёй, але і духоўным інструментам, які дапамагае людзям у іх служэнні і штодзённым жыцці. Магчыма, і нам варта час ад часу ўзяць у рукі шахматную дошку — дзеля карысці розуму і душы.
Па матэрыялах Aleteia
Пераклад Марыны Сінкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!