Ружанец — ідэальная малітва падчас адпачынку. Чаму? Мы ўсе з нецярпеннем чакаем адпачынку. Незалежна ад таго, плануем мы яго ў ліпені, жніўні ці толькі ўвосень, нам патрэбныя выхадныя, каб «перазагрузіць» сваё цела, аднавіць сілы і набрацца энергіі для паўсядзённага жыцця.
Аднак летнія канікулы, паездкі з блізкімі і гарачыя дні спрыяюць расслабленню. Для многіх вернікаў штодзённая малітва — частка гэтага распарадку, якую можа быць цяжэй здзяйсняць падчас адпачынку. Як не страціць сувязь з Богам падчас адпачынку? Ружанец — ідэальнае рашэнне. Вось тры прычыны, чаму варта ўзяць яго з сабой у чамадан.
1. Вы можаце маліцца ў дарозе
Ружанец — ідэальны спадарожнік для падарожжаў і прагулак. Незалежна ад таго, ці вы ідзяце па горных сцежках, ці даследуеце шумныя гарады, вы можаце маліцца непрыкметна. Ружанец выдатна падыходзіць для выкарыстання ў машыне, цягніку або аўтобусе.
Больш за тое, яго таксама можна выкарыстоўваць для разважанняў над таямніцамі падчас дзейнасці, якая не патрабуе глыбокай інтэлектуальнай канцэнтрацыі. Вы лёгка знойдзеце для гэтага час падчас язды на ровары, ранішняй прабежкі ці нават плавання. Калі ў вас занятыя рукі, нішто не перашкаджае вам мысленна лічыць малітвы «Вітай Марыя».
2. Будуе і аб’ядноўвае супольнасць
Мы часта праводзім адпачынак у коле сям’і ці сяброў. Сумеснае падарожжа на машыне або вячэрняе вогнішча — выдатныя магчымасці памаліцца разам.
Сумеснае разважанне над асобнымі таямніцамі збліжае людзей. Варта ўзбагаціць кожную з іх кароткім падрыхтаваным разважаннем або адпаведным урыўкам са Святога Пісання. Варта таксама памятаць пра вымярэнне духоўных ласкаў — за сумесную малітву на ружанцы (напрыклад, з сям’ёй) Касцёл прапануе магчымасць атрымання поўнага адпусту ў звычайных умовах.
3. Дапамагае пры лічбавым дэтоксе
Адпачынак — ідэальны час для так званага лічбавага дэтоксу, перапынку ад шуму інфармацыі, сацыяльных сетак і смартфонаў. Ружанец, які па сваёй прыродзе з’яўляецца медытатыўнай і рытмічнай малітвай, значна спрыяе такой цішыні. Ён патрабуе ад нас прысвяціць 15-20 хвілін таму, каб адкласці тэлефоны. Гэты момант спакою дазваляе нам адысці і адпачыць ад паўсядзённых спраў. У выніку ружанец не толькі ўмацоўвае нас духоўна, але і супакойвае нашу псіхіку і цела, якія перагружаныя раздражняльнікамі.
pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!