«Першым правам, замацаваным заснавальнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі, было права на жыццё і годнасць», — падкрэсліў Папа Леў XIV у сваёй прамове з нагоды ўзнагароджання яго прэстыжным штогадовым медалём Свабоды (Medal Of Liberty) Нацыянальным Канстытуцыйным цэнтрам. Ён заклікаў да агульнай заклапочанасці амерыканцаў падтрымліваць прынцыпы Дэкларацыі незалежнасці.
Папа падкрэсліў, што атрыманне медаля Свабоды напярэдадні 250-годдзя заснавання Злучаных Штатаў і падпісання Дэкларацыі незалежнасці — гэта асаблівы гонар для яго. Ён запэўніў у сваіх малітвах аб тым, каб высакародныя ідэалы, выкладзеныя ў дэкларацыі, маглі працягваць служыць росквіту нацыі ў адзінстве, справядлівасці і міры.
Чалавечая годнасць папярэднічае дзяржаве
Святы Айцец спасылаўся на словы Дэкларацыі пра тое, што «ўсе людзі створаны роўнымі, што Творца надзяліў іх пэўнымі непарушнымі правамі, і што сярод гэтых правоў ёсць права на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця». Ён падкрэсліў, што гэтае сцвярджэнне грунтуецца на разуменні чалавечай асобы, натхнёным вялікім біблейскім бачаннем мужчыны і жанчыны, створаных па вобразу Божаму. Ён адзначыў, што «менавіта тут мы адкрываем падмурак чалавечай годнасці; годнасці, якая папярэднічае стварэнню любой дзяржавы».
Зямля свабодных і радзіма адважных
Пантыфік нагадаў, што Амерыка, дзякуючы бацькам-заснавальнікам незалежнай дзяржавы, а таксама дзякуючы сваёй адкрытасці для паслядоўных хваль мігрантаў, стала сімвалам свабоды ва ўсім свеце. Ён дадаў, што «менавіта гэтая любоў да свабоды натхніла Злучаныя Штаты ў самыя цёмныя гадзіны мінулага стагоддзя, коштам вялікіх ахвяр, змагацца за свабоду за межамі сваіх межаў».
Папа Леў XIV перасцярог,, што намаганні па сцвярджэнні і рэалізацыі ідэалаў свабоды і справядлівасці павінны аднаўляцца ў кожным пакаленні і перад абліччам новых выклікаў. Ён выказаў надзею, што Злучаныя Штаты застануцца вернымі мары, якая прывяла іх да таго, каб лічыцца зямлёй свабодных і радзімай адважных.
Першае права: права на жыццё
І першым правам, замацаваным заснавальнікамі нацыі, было права на жыццё і годнасць: «менавіта гэтую павагу мы павінны пастаянна развіваць — павагу, якая кранае сэрцы людзей і натхняе на законы, якія прызнаюць і абараняюць дар жыцця ад зачацця да натуральнай смерці», — сказаў Святы Айцец.
«Менавіта ў гэтым праяўляецца маральная веліч нацыі — перш за ўсё, у яе здольнасці падтрымліваць, абараняць і шанаваць жыццё кожнага чалавека, асабліва найбольш уразлівых і тых, чыя каштоўнасць часам ставіцца пад сумнеў», — сказаў Папа.
Ён адзначыў, што ў адпаведнасці з правам на жыццё свабода была і застаецца найважнейшым сярод прынцыпаў. Паводле яго слоў, гэтая ж свабода таксама гарантуе кожнаму права вызнаваць рэлігію ў адпаведнасці з яго ўласнай верай, а асобным асобам, супольнасцям і асацыяцыям — права публічна выказваць сваю веру. Ён выказаў надзею, што гэтая традыцыя будзе працягваць прыносіць плён у публічным дыскурсе, адзначаным памяркоўнасцю, павагай да поглядаў іншых і пастаяннымі намаганнямі па пошуку агульнай пазіцыі ў прасоўванні справы міру і прымірэння ў краіне і за мяжой.
Ідэалы павінны нас аб’ядноўваць
Папа Леў XIV адзначыў, што для росквіту нацыі яна павінна быць па-сапраўднаму адзінай, аб’яднанай не мэтамі, абмежаванымі часовымі намаганнямі, а ідэаламі, якія не знікаюць з цягам часу. «Няхай прынцыпы, над якімі мы разважалі сёння: агульная чалавечая годнасць, роўнасць і правы, выкладзеныя ў Дэкларацыі незалежнасці, — заўсёды будуць крыніцай такога адзінства і кіруючым святлом для сучаснасці і для будучых дзён», — сказаў Папа.
Ён нагадаў амерыканскі дэвіз: E pluribus unum — з многіх адзін. Папа Леў XIV завяршыў сваю прамову словамі: «Божа, благаславі Амерыку!»
idziemy.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!