Віцебскі Карытас перадаў электрычны ложак для цяжкахворага святара

Карытас Віцебскай дыяцэзіі на працягу Вялікага посту арганізаваў збор сродкаў для пакупкі электрычнага ложка для кс. Аляксандра Багдановіча, які перанёс інсульт.

На заклік Карытас адгукнулася 28 парафій дыяцэзіі, а таксама чытачы газеты “Каталіцкі Веснік” і сайта Catholicnews.by. Дзеці і дарослыя з каталіцкіх парафій Віцебшчыны складалі ахвяраванні на гэтую дабрачынную мэту. На сабраныя сродкі Віцебскі Карытас набыў электрычны ложак MET TERNA 18878 для ляжачых хворых з рэгуліроўкай вышыні.

На першым этапе рэабілітацыі электрычны ложак прыйшоўся вельмі дарэчы і шмат у чым аблегчыў догляд за хворым святаром. Сёння кс. Аляксандр пасля пройдзеных заняткаў па рэабілітацыі ўпэўнена карыстаецца інваліднай каляскай фірмы Ortonica, таксама перададзенай яму Віцебскім Карытас.

Кс. Аляксандр Багдановіч і сёстры-эўхарысткі з Браслава, якія ім апякуюцца, выказваюць шчырую ўдзячнасць усім, хто збіраў сродкі на пакупку электрычнага ложка. Да гэтых выказванняў удзячнасці далучаюцца і супрацоўнікі і валанцёры Віцебскага Карытас.

“Я асабіста вельмі ўдзячны кожнаму, хто прыняў удзел у акцыі “Дар сэрца”. Вельмі прыемна бачыць, што вернікі ў нашых парафіях і чытачы газеты “Каталіцкі Веснік” і сайта Catholicnews.by так шчыра адгукнуліся на наш заклік і дапамаглі набыць ложак для святара”, — сказаў кс. Віктар Місевіч, дырэктар Віцебскага Карытас.

Сродкі, якія засталіся пасля пакупкі электрычнага ложка, Віцебскі Карытас выкарыстоўвае, каб дапамагаць найбольш уразлівым групам людзей. Гэта – інваліды, шматдзетныя сем’і і людзі, якія апынуліся ў надзвычай складаным жыццёвым становішчы.

Лаліта Арлоўская

для друку для друку