Урокі Евангелля ад бедных: новая місія кардынала Краеўскага

Кардынал Конрад Краеўскі

Кардынал Конрад Краеўскі завяршае сваё шматгадовае служэнне ў Ватыкане, каб узначаліць архідыяцэзію ў роднай Польшчы, забіраючы з сабой досвед міласэрнасці і блізкасці да патрабуючых.

Папа Леў XIV прызначыў кардынала Конрада Краеўскага арцыбіскупам-мітрапалітам Лодзінскім. Гэтая навіна заспела іерарха ў момант духоўнай гатоўнасці да новага этапу, які ён сам называе вяртаннем дадому.

У інтэрв’ю для «Vatican News» кардынал прызнаўся, што прыняў прапанову Святога Айца з вялікай ахвотай, бо перакананы: карысць для Касцёла нараджаецца менавіта праз непасрэдную блізкасць да вернікаў.

Шлях ад цырымонімайстра да «хуткай дапамогі» папскай дабрачыннасці

За плячыма іерарха дваццаць восем гадоў працы ў Ватыкане і служэнне пры чатырох Пантыфіках. Як адзначае Бэнэдэта Капэлі з італьянскай рэдакцыі «Vatican News», Краеўскі быў побач з Янам Паўлам II у апошнія гады яго жыцця, працаваў з Бэнэдыктам XVI, а пры Францішку стаў тварам папскай дабрачыннасці. Апошнія дзесяць месяцаў ён працягваў сваю місію побач з Львом XIV. Кожны з Пантыфікаў, паводле слоў кардынала, узбагаціў Касцёл новымі акцэнтамі, якія дапамаглі яму самому вырасці чалавеча і духоўна.

Асаблівае месца ў яго сэрцы займае досвед працы ў Папаскай элемазінарыі, якую ён часта называў «хуткай дапамогай дабрачыннасці». Пад яго кіраўніцтвам пад каланадай Базілікі Святога Пятра з’явіліся душавыя, цырульня і медыцынскія пункты для бяздомных. «Маці Міласэрнасці» і «Святы Марцін» – гэтыя амбулаторыі, дзе працуюць больш за сто добраахвотнікаў, сталі сімвалам годнасці, якую Касцёл вяртае людзям з вуліцы.

Адкрытасць на патрэбы пакутнікаў вайны і бедных

У інтэрв’ю кардынал Краеўскі узгадаў і свае небяспечныя паездкі ва Украіну, дзе ён дзесяць разоў бываў ад імя Папы, дастаўляючы рэанімабілі і гуманітарную дапамогу.

Ён з усмешкай узгадвае момант, калі ў 2022 годзе трапіў пад абстрэл ва Украіне, і з болем – сустрэчы з сем’ямі ахвяр у Газе падчас Божага Нараджэння 2023 года. Гэтыя выпрабаванні навучылі яго бачыць у пакутах бліжняга самога Хрыста.

Завяршаючы сваю рымскую місію, «дон Конрада», як яго ласкава клічуць бедныя, выказаў глыбокую ўдзячнасць сваім «настаўнікам» – людзям, якія не маюць даху над галавой. Менавіта яны, паводле слоў кардынала, навучылі яго чытаць і пражываць Евангелле па-новаму. Цяпер гэты багаж любові ён вязе ў Лодзь, дзе яго чакаюць два з паловай мільёна жыхароў. Новым Элемазінарыем Папы прызначаны арцыбіскуп Марын дэ Сан Марцін, член Ордэна святога Аўгустына.

Арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін

Да гэтага часу іерарх займаў пасаду падсакратара Генеральнага сакратарыята Сінода. Разам з новым прызначэннем Папа Леў XIV надаў біскупу Луісу Марыну дэ Сан Марціну тытул арцыбіскупа.

Гэты крок падкрэслівае важнасць служэння міласэрнасці ў структуры сучаснай Рымскай курыі, спалучаючы сінадальны досвед іерарха з новай адказнай місіяй непасрэднай дапамогі патрабуючым ад імя Пантыфіка.

Па матэрыялах Vatican News

для друку для друку