1 лютага ў Сапоцкіне адбыўся канцэрт калядных спеваў, арганізаваны мясцовай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з мясцовым культурна-турыстычным цэнтрам, дзе прайшло гэтае мерапрыемства.
Канцэрт, які праводзіцца ў Сапоцкіне ўжо некалькі гадоў, сабраў шмат удзельнікаў, ганаровым госцем стаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Пробашч сапоцкінскай парафіі кс. Антоні Абухоўскі, вітаючы прысутных, сказаў, што гэты канцэрт – не конкурс, дзе змагаюцца за першае месца, а проста сумесны спеў калядак, галоўнае тут – быць разам, будаваць жывую супольнасць Касцёла, захоўваць традыцыі продкаў.
Выступалі выканаўцы рознага ўзросту – з самога Сапоцкіна і з гродзенскіх парафій Божай Міласэрнасці, Святога Духа, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, бл. Мар’яны Бярнацкай. Нам распавядаюць: “Усіх з’яднала любоў да Езуса і жаданне праславіць Яго песняй. Панавала сапраўды сямейная атмасфера, і гэта паказала, што людзі, як калісьці раней, могуць быць разам”.
У канцы да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён падзякаваў удзельнікам, адзначыў, што такое мерапрыемства робіць людзей лепшымі, яшчэ больш адкрывае іх на Бога і адзін на аднаго, пажадаў, каб канцэрт натхніў прысутных чыніць дабро, найперш будаваць мір вакол сябе.
Удзельнікі канцэрту глыбока ўдзячныя арганізатарам (у першую чаргу кс. Антонію Абухоўскаму i кіраўніцтву культурна-турыстычнага цэнтра на чале з Аксанай Станкевіч) і ўсім прысутным. Удзячнасць яны выражаюць таксама сапоцкінскім парафіянам (у тых нядаўна здарылася гора – пажар у іх касцёле) за гасціннасць і сардэчны прыём, у тым ліку за шчодры пачастунак, пасля канцэрту прыгатаваны ў мясцовым Доме міласэрнасці.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!