Канадскі нейрабіёлаг: духоўная музыка карысная для душы і мозгу

Кейтлін Ген, нейрабіёлаг, якая кіруе навукова-даследчай лабараторыяй ва ўніверсітэце Таронта, сцвярджае, што тыя, хто спявае або слухае музыку, таксама ўзбагачаюць і ўмацоўваюць свой мозг. Больш за тое, найбольшую карысць прыносіць духоўная музыка.

У пэўным сэнсе яе даследаванне пацвярджае вядомае выказванне святога Аўгусціна: «Хто спявае, той моліцца двойчы». Ген апублікавала гэтае абнадзейлівае пасланне на канадскай платформе The B.C. Catholic, а затым на амерыканскай CNA. 30 кастрычніка 2025 года яна таксама прачытала лекцыю ў парафіі святога Францішка Сальскага ў Бернабі (Антарыё).

У гадзіннай прэзентацыі пад назвай «Неўранавука духоўнай музыкі» Кейтлін, якая сама з’яўляецца былым хормайстрам і акампаніятарам, распавяла пра даследаванні, якія паказваюць, што музыка можа быць часткай здаровага ладу жыцця, дапамагаючы супрацьстаяць кагнітыўнаму зніжэнню, якое суправаджае старэнне. Музыка можа дапамагчы прадухіліць хваробу Альцгеймера, якая ў 95% выпадкаў выклікана фактарамі, не звязанымі з генетыкай, такімі як атлусценне, гіпертанія, курэнне, страта слыху, траўмы галаўнога мозгу і сацыяльная ізаляцыя. Музыка актывуе розныя часткі мозгу, умацоўваючы шляхі, адказныя за памяць, рух, эмоцыі і эмпатыю.

Музыка не толькі ўнікальным чынам стымулюе мозг, але і спрыяе здаровым сацыяльным сувязям, асабліва калі выконваецца ў групе, адзначае навуковец. Ген, якая атрымала доктарскую ступень ва ўніверсітэце Саймана Фрэйзера ў Бернабі і прайшла постдактарантуру ў Стэнфардскім універсітэце ў Каліфорніі, дадала, што музычная тэрапія шырока выкарыстоўваецца як частка цэласнага падыходу да лячэння, дапамагаючы палегчыць праблемы з паводзінамі і падтрымліваць сацыяльныя адносіны на сярэдніх і позніх стадыях хваробы Альцгеймера.

Даследчыца адзначыла, што CBC нядаўна паведаміла пра супрацоўніцтва паміж лекарамі Манрэаля і Манрэальскім сімфанічным аркестрам аб прызначэнні музыкі ў якасці формы лячэння. «Лекары атрымаюць рэцэпты, якія яны будуць выдаваць пацыентам», — сказала Мелані Ла Куцюр, генеральны дырэктар Манрэальскага сімфанічнага аркестра. «Пацыенты будуць тэлефанаваць нам, і мы будзем даваць два бясплатныя білеты кожнаму, хто патэлефануе».

Яшчэ большую карысць можна атрымаць ад праслухоўвання або выканання сакральнай музыкі, якая спрыяе ўрачыстасці і прыгажосці набажэнства, заахвочвае да больш глыбокага разважання над літургічнымі чытаннямі і пропаведзямі і праслаўляе Бога.

Аднак нейрабіёлаг прызнала, што даследчыкам будзе цяжка даказаць канкрэтныя перавагі сакральнай музыкі, бо яны залежаць ад суб’ектыўнага вопыту слухачоў або выканаўцаў і ўзроўню духоўнай адукацыі. Аднак нават простае праслухоўванне або выкананне сакральнай музыкі дапамагае чалавеку расці ў веры і любові да Бога, падкрэсліла яна ў сваёй прэзентацыі.

Акрамя трох дыпломаў універсітэта Саймана Фрэйзера, Ген таксама мае дыплом Каралеўскай кансерваторыі музыкі. Яна з’яўляецца кваліфікаванай класічнай піяністкай, якая дзеліцца сваімі талентамі і верай у парафіях і на больш шырокіх узроўнях грамадства. Нейрабіёлаг, сярод іншага, выступае са сваімі вучнямі ў дамах састарэлых, установах доўгатэрміновага догляду і іграе на фартэпіяна ў праграмах музычнай тэрапіі і духоўнай дапамогі. Яна таксама служыць літургічным музыкантам у архідыяцэзіі Таронта.

Кейтлін Ган разглядае сваё музычнае служэнне як форму малітвы. Яе даследаванні і служэнне паглыбілі яе ўласнае разуменне складанасці чалавечага розуму і яго здольнасці адлюстроўваць пакору, спачуванне, прабачэнне і любоў Хрыста. Яна кажа, што гэта ўмацавала яе духоўнае развіццё і ўзбагаціла яе веру.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку