Рабочыя групы Сінода па сінадальнасці прадставілі прамежкавыя справаздачы. Папа Леў XIV падоўжыў тэрмін іх працы да канца 2025 года.
Дзесяць рабочых груп, створаных па волі Папы Францішка ў сакавіку 2024 года для паглыблення тэм, узнятых падчас Сінода па сінадальнасці, 17 лістапада 2025 года абнародавалі свае прамежкавыя справаздачы.
Гэты крок з’яўляецца працягам працы, распачатай падчас другой сесіі асамблеі ў кастрычніку 2024 года, і накіраваны на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж дыкастэрыямі Рымскай курыі і Генеральным сакратарыятам Сінода.
Стварэнне дзвюх новых груп і перанос тэрміну завяршэння прац
Першапачаткова прадугледжвалася, што выніковыя дакументы будуць прадстаўлены Папу ў чэрвені 2025 года. Аднак у сувязі са смерцю Папы Францішка, абраннем Папы Льва XIV і неабходнасцю дадатковага часу, новы Пантыфік у ліпені 2025 года падоўжыў тэрмін да 31 снежня 2025 года.
Кардынал Марыё Грэк, генеральны сакратар Сінода, адзначыў, што некаторыя групы ўжо завяршаюць працу, а іншыя працягнуць яе ў бліжэйшыя месяцы. Акрамя таго, Папа Леў XIV даручыў стварыць дзве новыя групы: адна, прысвечаная літургіі ў сінадальнай перспектыве, ужо пачала працаваць, а другая, якая зоймецца статутам мясцовых епіскапатаў, яшчэ фарміруецца.
Спектр тэм шырокі: ад адносін са Усходнімі Цэрквамі да ролі жанчын і лічбавай місіі
Рабочыя групы даследуюць шырокае кола пытанняў. Сярод іх: адносіны паміж Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і Лацінскім Касцёлам, слуханне крыку бедных і зямлі, місія Касцёла ў лічбавым асяроддзі, удзел жанчын у жыцці і кіраванні Касцёлам. Таксама аналізуецца тэма фармацыі святароў у святле дакумента «Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis», адносіны паміж біскупамі, кансэкраванымі асобамі і касцельнымі аб’яднаннямі.
Не засталіся па-за ўвагай і «спрэчныя» дактрынальныя, душпастырскія і этычныя пытанні, такія як гвалт у адносінах да жанчын ва ўмовах ваенных канфліктаў. Пытанне доступу жанчын да дыяканату было перададзена ў асобную камісію, вынікі працы якой будуць абвешчаны пазней.
У цэнтры ўвагі пытанні біскупскага служэння, экуменізму і складаныя душпастырскія выклікі, такія як палігамія
Вялікая ўвага надаецца асобе і служэнню біскупа, у прыватнасці крытэрыям выбару кандыдатаў на біскупаў, з больш актыўным удзелам мясцовых вернікаў і епіскапату. Разглядаецца роля папскіх прадстаўнікоў (нунцыяў) у больш місійнай і сінадальнай перспектыве.
Спецыяльная група аналізуе экуменічны шлях, у тым ліку пытанні эўхарыстычнай гасціннасці для міжканфесійных сужэнстваў. Паралельна з працай груп экспертаў, Камісія кананічнага права вывучае магчымыя змены ў касцельным заканадаўстве, а група экспертаў па Афрыцы (SECAM) распрацоўвае душпастырскі падыход да пытання палігаміі.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!