Унікальная магчымасць для духавенства і свецкіх супрацоўнікаў прайсці фармацыю для прафесійнага развіцця і ўмацавання сувязяў у служэнні

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы і свецкія супрацоўнікі ў душпастырстве!

Запрашаем прыняць удзел у інавацыйнай фармацыйнай праграме “Узмацненне кампетэнцый духавенства і свецкіх супрацоўнікаў Касцёла ў Беларусі”, якая распачнецца 17 лістапада 2025 года.

Гэта ўнікальная магчымасць для святароў, дыяканаў, манахаў і манахінь, а таксама свецкіх вернікаў, якія супрацоўнічаюць у душпастырстве, — прайсці фармацыю, што гарманічна спалучае ўзрастанне ў веры і духоўнай сталасці, прафесійнае развіццё і ўмацаванне міжасобасных сувязяў у служэнні.

Мэта праграмы. Падтрымаць удзельнікаў у пастырскім служэнні праз:

•  паглыбленне тэалагічных і кананічных ведаў;
•  развіццё навыкаў кіравання і суправаджэння людзей;
•  асваенне сучасных сродкаў камунікацыі і кіравання;
•  умацаванне духоўнай і чалавечай сталасці ў служэнні;
•  абмен вопытам паміж прадстаўнікамі розных ордэнаў і дыяцэзій.
•  палепшэнне сваіх навыкаў на шляху духоўнага ўзрастання і служэння.

Структура праграмы

Паглыбленая фармацыя для ўсіх. Гэты ўзровень уяўляе сабой двухгадовую сістэмную праграму (лістапад 2025 – май 2027), якая ахоплівае не толькі тэарэтычныя веды, але і духоўныя, псіхалагічныя і практычныя аспекты служэння.

Праграма прапануе дзве асобныя плыні:

1. Акадэмія супольнага служэння

Фармацыйны курс для святароў, братоў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых ордэнаў, а таксама катэхетаў, кіраўнікоў парафіяльных структур і свецкіх, якія супрацоўнічаюць у душпастырстве.

Асноўная ідэя: стварыць прастору пастаяннай фармацыі, дзе святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі разам паглыбляюць разуменне сваёй місіі — супольна служыць Богу і людзям, кожны ў адпаведнасці са сваім пакліканнем: святар — як духоўны кіраўнік і пастыр, кансэкраваная асоба — як сведка цалкам прысвечанага жыцця ў Хрысце, а свецкі вернік — як адказны супрацоўнік і сведка веры ў штодзённай рэчаіснасці. Такая фармацыя вучыць супрацоўніцтву, узаемапавазе і адзінству ў служэнні, каб разам будаваць жывы і дзейны Касцёл.

Тэмы і змест:
1.  Навыкі эфектыўнага кіраўніцтва і арганізацыі — пабудова каманды, прыняцце рашэнняў, размеркаванне адказнасці ў парафіі або ордэне.
2.  Кананічнае і свецкае права — як дзейнічаць у адпаведнасці з касцёльнымі нормамі і дзяржаўным заканадаўствам, асабліва ў сферы маёмасці, працоўных адносін і кіравання рэлігійнымі арганізацыямі.
3.  Псіхалогія і духоўнае суправаджэнне — разуменне чалавечай асобы, прадухіленне прафесійнага выгарання, духоўнае кіраўніцтва.
4.  Эфектыўныя камунікацыі — пабудова даверу, канфлікт-менеджмент, мастацтва слухання і працэс прыняцця складаных рашэнняў.
5.  Біаэтыка і сучасныя выклікі — як адказваць на маральныя і духоўныя дылемы, якія ўзнікаюць у душпастырскай практыцы.
6.  IT-тэхналогіі ў служэнні — выкарыстанне сучасных сродкаў сувязі, бяспечная прысутнасць у медыяпрасторы, кіраванне інфармацыяй у парафіі.

Фармат:
•  сустрэчы раз на месяц у вочным фармаце;
•  інтэрактыўныя майстар-класы, духоўныя спатканні і панэльныя дыскусіі;
•  самастойная праца і кансультацыі са спiкерамi.

Курс завяршаецца выніковай канферэнцыяй і ўручэннем сертыфіката ўдзельніка.

2. Смелыя жанчыны. Паглыбленая праграма для манахінь.

Асноўная мэта: дапамагчы сёстрам умацаваць асабістую і духоўную ідэнтычнасць, паглыбіць разуменне свайго паклікання і набыць новыя навыкі, неабходныя для сучаснага служэння ў супольнасці і грамадстве.

Асноўныя модулі:
1.  Духоўныя аспекты манаскага жыцця — аднаўленне духу паклікання, роля малітвы, вернасць харызме заснавальніка.
2.  Псіхалогія адносін і камунікацыя — баланс паміж паслухмянасцю і свабодай, разуменне эмоцый, будаванне ўнутранага спакою.
3.  Кананічнае і свецкае права — веданне правоў і абавязкаў, юрыдычныя асновы дзейнасці манаскай супольнасці.
4.  Асабістае развіццё і тайм-менеджмент — як спалучаць духоўнае жыццё, апостальскую працу і адпачынак.
5. IT і новыя медыя — бяспечнае выкарыстанне сацыяльных сетак, сучасныя сродкі евангелізацыі.
6.  Этычныя і духоўныя выклікі сучаснасці — як заставацца сведкам Хрыста ў хутказменлівым свеце.

Перавагі фармацыйнай праграмы:
* супольная фармацыя ў атмасферы даверу, адкрытасці і ўзаемнай падтрымкі;
* набыццё і развіццё практычных кампетэнцый, неабходных для сучаснага душпастырскага служэння;
* штогадовыя Калядныя і Маёвыя спатканні, якія ўмацоўваюць дух адзінства і супольнай адказнасці ў Касцёле.

Асноўная інфармацыя для зацікаўленых:

Далучайцеся да тых, хто хоча развівацца, натхняцца і ўплываць — разам будуем моцны, сучасны і жывы Касцёл!

Ваш удзел у праграме — гэта крок да глыбейшага разумення свайго паклікання і больш плённага служэння Богу і людзям.

для друку для друку