18 кастрычніка 2025 года каталікі лепельскай парафіі здзейснілі Вялікую пілігрымку па юбілейных касцёлах Віцебшчыны. Паспелі своечасова, бо Святы Год у Віцебскай дыяцэзіі, абвешчаны Папам Францішкам, завяршаецца 28 снежня 2025 года. І ў гэты час у юбілейных святынях праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў.
Чаму так патрэбна было лепяльчанам ехаць у іншыя гарады, у іншыя касцёлы, бо сам Лепельскі касцёл святога Казіміра з’яўляецца юбілейнай святыняй? Справа ў тым, што поўны адпуст можна атрымаць менавіта толькі падчас канкрэтна пілігрымкі. Такі шанец лепельскія парафіяне страціць не маглі і рушылі па восеньскай дарозе ажно на двух аўтобусах.
Першай наведанай юбілейнай святыняй стаў катэдральны касцёл пад тытулам Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Чакаць адкрыцця касцёла патрэбы не было, бо кіраўніком пілігрымкі лепельскіх каталікоў быў сам пробашч Віцебскай кадэдральнай парафіі ксёндз Валерый Марціноўскі. Падчас Святой Імшы пілігрымы мелі магчымасць скарыстацца сакрамэнтам пакаяння, памаліліся ў інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла, падмацаваліся святой Камуніяй і рушылі далей.
Першым супынкам пасля катэдральнага касцёла стала месца забойства святога Язафата Кунцэвіча ў цэнтры Віцебска. Памаліліся за ўсіх і канкрэтных памерлых і рушылі ў Наваполацк.
Па дарозе ўбачылі яшчэ здалёк шумілінскі касцёл Маці Божай Фацімскай і не стрымаліся — заехалі. Ужо мінула 108 год з таго моманту, калі Маці Марыя скіравала да дзяцей у Фаціме наступныя словы: "Я – Маці Божая Ружанцовая.
Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы. А, дарэчы, ружанцовая малітва — гэта першае, што прачыталі лепельскія пілігрымы, як толькі селі ў свае аўтобусы яшчэ ў Лепелі. Даведаўшыся пра сучаснае развіццё і праблемы шумілінскай парафіі рушылі далей у дарогу. Вядома ж з ружанцовай малітвай.
Другая па ліку наведаная юбілейная святыня — касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку — сустрэла велічнасцю і дажджом. Але пахмурнае надвор’е ніколькі не змрочыла лепельскіх пілігрымаў, а наадварот, надало грандыёзнасці наваполацкай святыні. Памаліліся, павіталіся з пробашчам касцёла і… ледзь не засмуціліся. Справа ў тым, што мясцовы ксёндз не паспеў прывезці персанальна для пілігрымаў арганістку-навапалачанку.
Выручыла лепельская парафіянка Людміла Кунчэўская. Сэрцы напоўніліся верай, надзеяй і любоўю, калі чароўныя рукі Людмілы паплылі па клавішах аргана. Калі скончылася музыка, не заўважыў ніхто, бо душы пілігрымаў яшчэ ляталі ў неверагодных арганных гуках.
Верхнядзвінскі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч адразу пры першым поглядзе ўлюбіў у сябе лепельскіх пілігрымаў. Яго мілагучны голас і яскравы гумар завалодалі сэрцамі лепяльчан. Ксёндз Аляксандр распавёў пра гісторыю касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі яшчэ з сераднявечнай даўніны. Год пабудовы сучаснага будынка таксама заслугоўвае адзнакі — 1809. Асаблівую ўвагу ксёндз надаў асобе благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які нёс служэнне ў Верхнядзвінску ў гады Другой сусветнай вайны і прыняў пакутніцкую смерць за веру. Памаліліся ў невялічкай капліцы, зрабілі агульны фотаздымак і рушылі далей у Росіцу.
Што такое росіцкая каталіцкая святыня? Гэта памяць, боль і гонар. У 1943 годзе толькі за тры дні ў Росіцы былі знішчаны 1528 чалавек. Двое росіцкіх благаслаўлёных ахвяравалі сябе за душы загінуўшых. Ксяндза Антонія Ляшчэвіча расстралялі за тое, што вымольваў вызваліць дзяцей. Ксёндз Юрый Кашыра быў спалены з 600 росіцкімі ахвярамі. Лепельскія пілігрымы прайшлі Крыжовы шлях са стацыямі, малітвамі, спевамі іслязамі на вачах. Люты восеньскі холад і ледзяны вецер ніхто не заўважаў на шляху ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы да месца спалення мірных жыхароў. Перад вачыма стаяў і адчуваўся толькі той жудасны боль і жах, які вытрымалі пакутнікі. Асабістае пажаданне заступніцтва пілігрымы вымольвалі пацалункам крыжа, які ўстаноўлены на месцы трагедыі.
Пілігрымка завяршылася. Што засталося ў думках і сэрцах? Чысціня, супакой і вера ў Пана Бога і ў людзей. Мы зможам усё калі будзем разам з Езусам, Марыяй, усімі святымі і благаслаўлёнымі, са сваімі духоўнымі айцамі і з тымі, хто кожную Імшу побач з намі — нашымі супольнымі парафіянамі. Вось каментарый пасля пілігрымкі лепельчанкі Алесі: «Дзякую ўсім за цудоўную пілігрымку!!! Уражанні і эмоцыі незабыўныя!!!» — І гэта сапраўды так.
Алег Шушкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!











