Распачаўся кастрычнік – месяц, які ў Каталіцкім Касцёле асабліва прысвечаны малітве на ружанцы. І гэта можа быць супольны час, які аб’яднае ўсю сям’ю, трэба толькі прыкласці намаганні. Разгледзім пяць парадаў, як наладзіць ружанцовую малітву разам з дзецьмі.
- Што мы ведаем пра ружанец?
Каб распачаць малітву разам з дзецьмі, бацькам варта самім зразумець, што гэта за малітва. У сучасным свеце шмат інфармацыйных крыніц, з якіх можа даведацца пра гісторыю з’яўлення ружанцовай малітвы, пра цуды, што адбываліся і адбываюцца праз заступніцтва Маці Божай у розных краінах свету, пра спосабы разважанняў над таямніцамі ружанца.
Другі крок – падзяліцеся ведамі з дзецьмі, раскажыце, як будзе праходзіць вашая малітва, што ў ёй цікавага і чаму яна важная.
- Як будзе выглядаць вашая малітва?
Усе сем’і вельмі розныя. Кожная мае свой склад, свой парадак дня. Таму вельмі важна, каб менавіта ў вашай сям’і час на ружанцовую малітву быў запланаваны і дастасаваны. Галоўнае – гэта супольнасць і рэгулярнасць. Пастарайцеся, каб у Вашым доме было асаблівае месца для ружанцовай малітвы. Туды можна змясціць абраз або фігурку Маці Божай, свечкі, ружанец. Праявіце фантазію і дайце магчымасць для творчасці сваім дзецям.
- Малітва, цікавая для дзяцей
Дзецям можа здавацца, што ружанцовая малітва – гэта нуднае шматразовае паўтарэнне “Вітай, Марыя”. Але ж насамрэч нават дзіця можа знайсці ў ёй шмат глыбокага і цікавага.
Маме варта падумаць, як дзецям у гэтым дапамагчы. Напрыклад, можна пашукаць простыя і цікавыя разважанні, змайстраваць ружанец з прыроднага матэрыялу, вывучыць марыйныя спевы або мелодыю “Вітай, Марыя”, напісаць свае інтэнцыі на плакаце або пакласці іх у прыгожую скрыню і г.д.
- Падрыхтоўка да малітвы
Добрая практыка, калі не менш як за паўгадзіны да малітвы сям’я распачынае ствараць атмасферу цішыні і супакою. Дзецям цяжка хутка пераключацца з адной дзейнасці на іншую. Калі яны бегаюць па хаце або захопленыя мультфільмам ці гульнёй, адразу ж узяць у рукі ружанец будзе няпроста, а сканцэнтравацца на малітве яшчэ цяжэй.
Варта патлумачыць сынам і дочкам, што зараз сям’я распачынае час падрыхтоўкі сэрца, бо хутка будзе збірацца на малітву. Канешне ж, бацькі павінны быць прыкладам для дзяцей, таксама адкласці гаджэты і важныя справы.
- Цяжкасці будуць
Кажуць, як толькі чалавек пачынае справу, каторая падабаецца Богу, абавязкова з’яўляецца шмат перашкодаў. Калі ружанцовая малітва распачнецца ў сям’і, вы абавязкова сустрэнецеся з перашкодамі.
Можа здарыцца, што дзеці на малітве будуць гарэзліва сябе паводзіць, мама і тата будуць надта стомленыя, а ў час, адведзены на малітву, знойдуцца іншыя неадкладныя справы… Давярайце ўсе цяжкасці Найсвяцейшай Панне Марыі, прасіце дапамогі і не адступайце ад мэты.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
