Майстэрня літургічнага спеву запрашае да ўдзелу ў трэцім фармацыйным спатканні

24–26 кастрычніка 2025 года пры кляштары айцоў францішканаў канвентуальных у Івянцы пройдзе трэцяя Майстэрня літургічнага спеву – сустрэча для касцёльных музыкантаў і аматараў літургічнай музыкі, якія жадаюць удасканаліць сваё служэнне падчас літургіі і паглыбіць яе перажыванне.

У афіцыйных сацыяльных сетках Музычнай майстэрні з’явілася абвестка пра рэгістрацыю на анансаваную раней трэцюю сустрэчу Майстэрні літургічнага спеву, ці так званай «міні-майстэрні». Яна пройдзе 24–26 кастрычніка 2025 года ў Івянцы (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) пры францішканскім кляштары святога Антонія Падуанскага.

Па сваёй задуме Майстэрня літургічнага спеву ўяўляе сабой цыкл фармацыйных сустрэч для кантараў, удзельнікаў касцёльных хораў і ўсіх тых, хто праз спеў адкрывае прыгажосць і глыбіню літургіі, які прапануе магчымасць удасканаліць музычныя навыкі і літургічныя веды, узбагаціцца духоўна і быць у жывым кантакце з аднадумцамі.

«Праграма “міні-майстэрні; вельмі насычаная і прадугледжвае перадусім вакальна-харавыя рэпетыцыі і штодзённы ўдзел у святой Імшы. Падчас сустрэчы пройдзе таксама духоўная канферэнцыя, кантарскі майстар-клас і адарацыя. Пры гэтым запланаваны і супольны вольны час», – паведамляюць арганізатары.

Да 15 кастрычніка адкрыта рэгістрацыя ўдзельнікаў сустрэчы. Форма анлайн-заяўкі даступная па СПАСЫЛЦЫ.

Умовы ўдзелу:

  • Да ўдзелу запрашаюць ахвотных ва ўзросце ад 16 гадоў. Заяўкі ад людзей малодшага ўзросту будуць аўтаматычна ануляваныя.
  • У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў удзел магчымы выключна пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі і атрымання пацвярджэння з боку арганізатараў (на электронную пошту).
  • Даезд да месца правядзення мерапрыемства і зваротную дарогу ўдзельнікі арганізуюць самастойна. Пажадана прыехаць у пятніцу 24 кастрычніка да 19:30, у іншых выпадках неабходна скантактавацца з арганізатарамі (электронная пошта: muzmajsternia@yandex.by; Instagram: @muzmajsternia).
  • Ад’езд можна планаваць у нядзелю 26 кастрычніка пасля 14:00. У выпадку, калі разглядаецца даезд і ад’езд на грамадскім транспарце (маршрутцы), рэкамендавана паклапаціцца пра яго браніраванне загадзя, найлепш – адразу пасля атрымання пацвярджэння аб удзеле.
  • Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў забяспечваюць арганізатары.
  • Удзельнікі атрымаюць увесь неабходны нотны матэрыял на месцы. Рэкамендавана ўзяць з сабой цёплыя рэчы, спальнікі, алоўкі і нататнікі, а таксама спеўнікі (па жаданні).
  • Ахвяраванне на арганізацыйныя выдаткі складаецца ў дабравольным памеры.

Тэкст: Павел Бранавец;

Фота: архіў Майстэрні літургічнага спеву, Віталь Жартун.

для друку для друку