Італьянскі езуіт Антоніа Спадара, былы блізкі супрацоўнік Папы Францішка, падкрэслівае духоўную пераемнасць паміж Папамі і тлумачыць асаблівасці стылю Льва XIV.
Ксёндз Антоніа Спадара, падсакратар Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму парталу katholisch.de падзяліўся сваімі думкамі пра пераемнасць паміж Папамі Францішкам і Львом XIV.
Повязь, якая звязвае Францішка і Льва XIV, не абрываецца
«Леў ідзе па слядах Францішка, але мае ўласны голас», — адзначыў аўтар кнігі «Ад Францішка да Льва», якая змяшчае інтэрв’ю з кардыналам Прэвостам (цяперашнім Папам) пра яго бачанне Касцёла.
Паводле італьянскага езуіта, пераход ад Папы Францішка да Папы Льва XIV быў «перш за ўсё духоўнай перадачай эстафеты». Ключавым паняццем гэтай пераемнасці ён лічыць «неспакой» – тэму, якую Папа Францішак пазначыў як «здаровы неспакой, адзіны, які дае спакой».
Спадара бачыць розніцу паміж Папамі не ў змесце, а ў тоне і біяграфічным кантэксце: «Францішка фарміравала езуіцкая традыцыя, Льва – місіянерская інтраспекцыя аўгустынцаў. Францішак узрушваў лодку, выклікаў землятрусы; Леў здаецца больш гнуткім, мякчэйшым. Яго амерыканска-перуанскае паходжанне зрабіла яго адчувальным да праблемы палярызацыі».
«Касцёл, адкрыты свету», пра які гаворыць Папа Леў XIV, паводле Спадара, нагадвае «адкрыты Касцёл» Папы Францішка – гэта супольнасць, якая не зачыняецца ў сабе, але дазваляе сябе параніць рэчаіснасці, каб фарміраваць яе ў духу Евангелля.
Сінадальнасць – гэта форма любові
Гаворачы пра сінадальны працэс, езуіт падкрэсліў, што Папа Леў XIV разглядае сінадальнасць не як арганізацыйны метад, а як форму любові. «Яго міжнародны досвед – ЗША, Перу, Рымская Курыя – робіць яго вельмі свядомым таго, што важнае для Касцёла адной краіны, не абавязкова мае такое ж значэнне ў іншым кантэксце», — патлумачыў ён.
У адносінах да нямецкага «сінадальнага шляху» Папа Леў XIV, паводле ксяндза Спадара, не будзе прымяняць логіку кантролю ці запужвання, але паспрабуе пераўтвараць палярызацыю ў дыялог – у шырэйшай перспектыве Паўсюднага Касцёла. «Рым пад кіраўніцтвам Папы Льва не будзе глядзець на нямецкі “сінадальны шлях” з прадузятасцю і недаверам, але як на частку шырэйшага касцельнага працэсу», — лічыць эксперт.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
