Паўднёвакарэйскі навуковец з самым высокім у свеце IQ: Хрыстус — мая логіка

Мужчына з самым высокім у свеце зарэгістраваным каэфіцыентам інтэлекту (IQ) прыцягнуў увагу ўсяго свету пасля таго, як публічна заявіў пра сваю хрысціянскую веру ў адной з сацыяльных сетак.

Паўднёвакарэйскі навуковец Йон Хун Кім, які мае самы высокі ў свеце IQ — 276, напісаў у сацыяльнай сетцы: «Як рэкардсмен у свеце па самым высокім IQ, я веру, што Езус Хрыстус — гэта Бог, дарога, праўда і жыццё».

Як паведамляе CNA, сцвярджэнне Кіма пра тое, што ён мае самы высокі ў свеце IQ, было пацверджана такімі арганізацыямі, як The Giga Society, Mensa, World Memory Championship, World Sports Memory Council (у партнёрстве з Guinness World Records) і Official World Records.

У адказ на велізарную папулярнасць свайго першага допісу Кім напісаў на сваёй старонцы, што ён «скарыстаецца гэтай магчымасцю, каб прывесці шмат душ да Бога». «Амэн. Хрыстус — мая логіка», — сказаў 36-гадовы Кім у адказ аднаму з каментатараў.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць: «Святы Касцёл, наша Маці, верыць і вучыць, што Бог — пачатак і канец усіх рэчаў, можна сапраўды пазнаць натуральным святлом чалавечага розуму на аснове створанага» (ККК, 36). Гэта вучэнне, якое бярэ свой пачатак у дакуменце першага Ватыканскага сабору «Dei Filius», падкрэслівае, што чалавечы розум, назіраючы за парадкам стварэння, можа спасцігнуць існаванне Бога.

Яшчэ ў лютым Кім напісаў у сацыяльнай сетцы: «Бог існуе. Гэта 100%», а нядаўна выказаў такую здагадку: «Наша свядомасць — гэта не проста дзейнасць мозгу. Гэта можа быць квантавая інфармацыя, нешта, што захоўваецца пасля смерці».

Кім з’яўляецца заснавальнікам і генеральным дырэктарам NeuroStory, арганізацыі, якая шукае «рашэнні для здароўя мозгу на аснове штучнага інтэлекту» пры падтрымцы ўрада Паўднёвай Карэі.

Ён таксама заснаваў Аб’яднаную інтэлектуальную асацыяцыю Sigma і ўваходзіць у савет дырэктараў фонду «Lifeboat», які спрыяе навуковым дасягненням, адначасова зніжаючы рызыкі для людзей ад такіх тэхналогій, як штучны інтэлект.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку