Папа Францішак распарадзіўся стварыць аграэлектрычную станцыю

Сонечныя батарэі. Ілюстрацыйнае фота

26 чэрвеня 2024 года быў абнародаваны апостальскі ліст Брат Сонца (Fratello Sole), выдадзены ў форме motu proprio. У ім Папа Францішак распарадзіўся стварыць агравальтаічную ўстаноўку, якая будзе цалкам забяспечваць электрычнасцю Дзяржаву Ватыкан.

Апостальскім лістом Брат Сонца Святы Айцец даручыў старшыні Губернатара Дзяржавы Ватыкан і старшыні Адміністрацыі маёмасці Святога Пасада стварыць аграэлектрычную станцыю ў экстэрытарыяльным раёне Санта-Марыя-дзі-Галерыя, на поўначы Рыма. Устаноўка павінна забяспечыць электрычнасцю не толькі існуючую там радыёстанцыю, але і ўсю Дзяржаву Ватыкан.

Пантыфік нагадаў, што ў сваёй энцыкліцы Laudato si’ ён заклікаў чалавецтва ўсвядоміць неабходнасць змяніць лад жыцця, вытворчасці і спажыванні для барацьбы з глабальным пацяпленнем, адной з галоўных прычын якога з’яўляецца паўсюднае выкарыстанне выкапнёвага паліва. 6 ліпеня 2022 года Святы Пасад далучыўся да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Папа выказаў упэўненасць у тым, што чалавецтва валодае тэхнічнымі сродкамі для супрацьстаяння гэтай экалагічнай трансфармацыі і яе катастрафічных этычных, сацыяльных, эканамічных і палітычных наступстваў. Адным з такіх ключавых сродкаў з’яўляецца сонечная энергія.

«Таму я даручаю вам, дарагія браты, як старшыні Губернатара Дзяржавы Ватыкан і старшыні Адміністрацыі маёмасці Святога Пасада, задачу будаўніцтва агравальтаічнай электрастанцыі ў экстэрытарыяльным раёне Санта-Марыя-дзі-Галерыя, якая гарантуе энергазабеспячэнне не толькі існуючай там радыёстанцыі, але і ўсёй Дзяржаве-гораду Ватыкану», — гаворыцца ў дакуменце.

На тэрыторыі Санта-Марыя-дзі-Галерыя знаходзіцца радыёвяшчальны цэнтр Ватыканскага радыё, пагадненне аб стварэнні якога было заключана паміж Італіяй і Святым Пасадам 8 кастрычніка 1951 года. Для гэтых мэтаў Святому Пасаду было выдзелена 424 гектара зямлі, якія маюць статус экстэрытарыяльных. Радыёцэнтр быў урачыста адкрыты 27 кастрычніка 1957 года Піем XII.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку