10 цытат св. Паўла ад Крыжа для тых, хто хоча ісці шляхам святасці

Святы Павел ад Крыжа, заснавальнік супольнасці Мукі Езуса Хрыста (пасіяністаў), успамін якога адзначалі 19 кастрычніка, вылучаўся не толькі глыбокім духоўным жыццём і асабістай святасцю, але і нястомнай працай на ніве Пана. Менавіта за гэтыя заслугі яго празвалі Божым паляўнічым на душы.

Святы Павел быў мужным і палымяным прапаведнікам, які не саромеўся абвяшчаць Езуса басанож, у чорным габіце, сярод натоўпу людзей – і варта разумець, што гэта адбылося ў XVIII стагоддзі, у часы росквіту атэізму, секулярызму, гуманістычных кірункаў філасофіі і абвяшчэння поўнай свабоды ад «устарэлай» маралі. Ён не пабаяўся выйсці на шум гэтага бязбожнага грамадскага свята, каб выратаваць душы для Бога — і праз усё жыццё падвяргаў сябе жорсткаму аскетызму, адкупляючы чужыя грахі.

Вось словы мудрасці святога Паўла, у якіх сёння маем патрэбу не менш, чым мелі патрэбу людзі так званай «эпохі асветы».

  1. «Душа — гэта зерне, якое Бог сее на ніве Касцёла; каб прынесці плён, яна павінна спачатку памерці пад ударамі болю, смутку, супярэчнасцей і пераследу».
  2. «Будзем баяцца быць пазбаўленымі пакут, нават больш, чым скупы баіцца страціць свае скарбы».
  3. «Пакуты кароткія; радасць будзе вечнай».
  4. «Крыж — гэта шлях да Неба, але толькі тады, калі нясеш яго добраахвотна».
  5. «Глядзі, каб захаваць мір у сэрцы тваім, таму што сатана закідвае сеткі ў каламутнай вадзе».
  6. «Кажу вам: [сапраўдная] перамога заключаецца ў перамозе над сабой. Гэта наш самы вялікі вораг».
  7. «Вы ведаеце, чаму Бог пасылае вам столькі пакут? Каб даць вам нябеснае багацце».
  8. «Калі вы адчуваеце прыступ лютасці і гневу, значыць, настаў час маўчаць, як маўчаў Езус сярод свайго прыніжэння і пакут».
  9. «Калі крупінка недасканаласці прыліпла да вашага сэрца, не хвалюйцеся, а неадкладна спаліце ​​яе ў агні Божай любові і, з жалем просячы прабачэння, працягвайце жыць у супакоі».
  10. «Я б палічыў сябе праклятым, калі б скраў у Бога хоць адзін атам Яго славы. Я лічыў бы сябе горшым за Люцыфера, калі б меў на ўвазе што-небудзь, акрамя Бога».

Паводле  credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку