23 ліпеня ў парафіі Святога Арханёла Міхала ў Лужках адбылася знамянальная падзея. Ксёндз Ян Пугачоў, па даручэнні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, увёў на пасаду пробашча парафіі ксяндза Івана Кароткіна. Урачыстае Вызнанне веры і Прысяга вернасці былі складзеныя новапрызначаным пробашчам на святой Імшы а 15-ай гадзіне.
Перад Эўхарыстыяй кс. Ян Пугачоў, які да гэтага часу з’яўляўся адміністратарам парафіі, прадставіў новага пробашча і ўрачыста перадаў яму ключы ад святыні. Парафія ў Лужках невялікая, але, як адзначыў святар, з’яўляецца сапраўднай сям’ёй, дзе кожны гатовы аказаць падтрымку і прыйсці на дапамогу. Ён падкрэсліў, што вернікам неабходна дзякаваць Богу за вялікую ласку мець свайго святара і магчымасць штодзённага ўдзелу ў святой Імшы.
Затым парафіяне выказалі шчырыя словы ўдзячнасці кс. Яну за яго самаахвярнае душпастырскае служэнне, за супольную малітву, Эўхарыстыю, удзяленне сакрамантаў, айцоўскія парады і тактоўныя заўвагі. Вернікі пажадалі свайму былому пастыру моцнага здароўя, сілы, мудрасці для абвяшчэння Божага слова і служэння на ніве Пана.
Звяртаючыся да новага пробашча, парафіяне запэўнілі яго ў сваёй гатоўнасці да супрацоўніцтва і пажадалі неабходных ласкаў у святарскім служэнні. Вернікі выказалі надзею на тое, што пад кіраўніцтвам кс. Івана Кароткіна парафія і далей будзе развівацца і ўзрастаць духоўна.
Да слоў парафіянаў далучылася старшыня Лужкаўскага сельсавета Таццяна Красоўская. Яна ўручыла святарам адмысловыя фота-калажы, якія прысвечаныя гісторыі і культуры Лужкоў.
Пасля слоў прывітання распачалася канцэлебраваная святая Імша, падчас якой пробашч кс. Іван Кароткін маліўся за сваю новую парафію. Сам святар паходзіць з Урбанаў. Прэзбітарскае пасвячэнне атрымаў 3 мая 2014 года з рук біскупа Алега Буткевіча. Душпастырскую дзейнасць распачаў вікарыем у парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, затым нёс святарскае служэнне ў Глыбокім, Дрысвятах, Наваполацку.
У гаміліі, разважаючы над прыпавесцю пра каласоўнік (Мц 13, 24-43), святар звярнуў увагу на розны падыход чалавека і Бога да грэшніка. Калі чалавек лічыць, што той, хто моцна грашыць не мае прабачэння і заслугоўвае хутчэйшага пакарання, то міласэрны Бог «марудзіць» у вынясенні канчатковага прысуду, бо дае шанец кожнаму грэшніку да навяртання.
Напрыканцы святой Імшы ля касцёла адбылося бласлаўленне кіроўцаў і асвячэнне транспартных сродкаў у гонар св. Крыштафа.
Пасля набажэнства кс. Ян Пугачоў выказаў словы ўдзячнасці за супольную малітву і запрасіў сваіх былых парафіянаў на адпустовыя ўрачыстасці на свята Перамянення Пана ў Германавічы, дзе ён з’яўляецца адміністратарам.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









