Пасланнік Папы Францішка асвяціў фігуру св. Арханёла Міхала ў Навагрудку

У суботу 3 чэрвеня каля Навагрудскага касцёла святога Арханёла Міхала быў асвечаны манумент Арханёла Міхала. Урачыстасць узначаліў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, апостальскі нунцый у Беларусі разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

Святкаванне распачалося семінарам прысвечаным Арханёлу Міхалу. Пасля прывітання ўсіх прысутных пробашчам парафіі кс. Юрыем Жэгарынам былі прачытаныя даклады. Першы даклад прадставіў а. Міхал Ярмашкевіч OP на тэму “Анёльскі свет паводле св. Тамаша Аквінскага”, другі даклад пра “Ушанаванне св. Міхала Арханёла ў духоўнай і культурнай традыцыі Беларусі” прачытаў кс. д-р Віталь Сідорка.

Пасля семінара адбылася ўрачыстая св. Імша, узначаленая арцыбіскупам Антэ Ёзічам у прысутнасці ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі, святароў, гасцей, прадстаўнікоў гарадской улады ў Навагрудку, вернікаў парафіі св. Арханёла Міхала, а таксама дыяцэзіяльнага хора “Cantate Domino”. У сваёй гаміліі, апостальскі нунцый прывітаў усіх прысутных. “Я вельмі рады, што магу ўзначаліць гэту літургічную цэлебрацыю ў старажытным навагрудскім касцёле ў гонар святога Арханёла Міхала. Дзякую пробашчу за запрашэнне адзначыць разам з вамі свята апекуна парафіі”.

Арцыбіскуп, успамінаючы пачатак служэння Папы Францішка, распавёў, што “святы Арханёл Міхал таксама з’яўляецца апекуном Ватыкана, і Святы Айцец Папа Францішак на пачатку свайго Пантыфікату пажадаў асвяціць статую святога Арханёла Міхала і змясціць яе ў Ватыканскіх садах” і дадаў, што “святы Арханёл Міхал, як паказвае Божае слова, з’яўляецца ўзорным змагаром са злым духам, які ёсць прычынай маральнага заняпаду і падзелаў. Ён належыць да Арханёлаў, якіх Слова Божае заўсёды апісвае нам як паклоннікаў і слуг Божых, як нябесных стварэнняў, якія змагаюцца за справу Божую ў гэтым свеце і з’яўляюцца пасланцамі Усявышняга. Як вечныя паклоннікі Богу, яны жывуць у радасці служэння Яму. Яны нясуць нам Яго жыццё, Яго супакой, бляск Яго прыгажосці, водар і чысціню Яго боскай істоты”.

Пасланнік Папы Францішка таксама сказаў пра сутнасць анёльскіх стварэнняў: “Анёлы ва ўсіх сваіх іерархіях ніколі не задавольваюцца пакланеннем і служэннем Богу. Падобным чынам усе мы, па просьбе саміх анёлаў, пакліканы рэалізаваць сябе ў пакланенні, хвале і служэнні Пану, каб быць пасланцамі міру і місіянерамі Нябеснага Айца. Сапраўдны лек для нашых неспакойных і загубленых душаў, адзіны, здольны вылечыць нашы раны і вызваліць нас ад зла, — знаходзіцца ў прысутнасці Бога, любячы Яго і дазваляючы Яму любіць нас у малітве Ягонай пяшчотай (…) Анёлы блізкія да нас і з’яўляюцца вялікімі і сапраўднымі сябрамі пілігрымуючага чалавецтва на зямлі, аж да таго, што тая самая малітва падкрэслівае, што анёлы і людзі пакліканы да супрацоўніцтва, каб прывесці Божы план збаўлення да спаўнення ў гісторыі. Знаходжанне ў небе — як гэта здараецца з анёламі — не азначае быць адарваным ці далёкім; наадварот, гэта азначае быць там, дзе ўсё бачна і ўсё прынятае. Калі мы хочам клапаціцца пра зямныя рэчы, нам трэба паглядзець з вышыні, і тады мы зможам іх лепш зразумець”.

Арцыбіскуп у сваіх словах наблізіў і растлумачыў постаць св. Арханёла Міхала: “Каб лепш зразумець, чаму ў многіх нашых супольнасцях святога Міхала Арханёла абралі апекуном, трэба задумацца, кім ён з’яўляецца і чым займаецца. Ён стаіць на чале нябесных войскаў і разам з імі змагаецца супраць таго, хто імкнецца разбурыць сям’ю Божую, народ веруючых у Хрыста, каб прыцягнуць іх да свайго панавання і вырваць з сыноўства Божага. Жыццё і гісторыя з’яўляюцца вялікім полем бітвы, дзе д’ябал змагаецца супраць Бога і супраць справы адкуплення свайго Сына, Які заўсёды ўдзельнічае ў гісторыі, каб рэалізаваць новае стварэнне. Наяўнасць такога арханёла, як святы Міхал, у якасці заступніка — гэта дар, які трэбы прыняць, і адказнасць, якую трэба ўзяць на сябе. (…) Арханёл Міхал, наш заступнік, дапамагае нам зрабіць так, каб чалавек ніколі не замяняў Бога і не дазваляў іншым ідалам заняць сваё месца.”

Завяршаючы сваю гамілію арцыбіскуп Ёзіч запрасіў усіх звярнуцца да Арханёла Міхала, “каб суправаджаў нас і дапамагаў на гэтым шляху — асабістым і супольным — падтрымліваючы нашае сінадальнае падарожжа і асабліва ажыўляючы веру, міласэрнасць і надзею ўсіх жыхароў гэтага старажытнага горада Навагрудка.”

Пасля Найсвяцейшай Ахвяры св. Імшы, адбыўся абрад асвячэння калоны і фігуры Міхала Арханёла і была прачытаная малітва аб заступніцтве над Беларуссю.

Марына Раманчук, тэкст
Кірыл Масалыка, фота

для друку для друку