19-20 лютага ў Гродне адбылася фармацыйная сустрэча для катэхетаў – святароў, законных сясцёр і свецкіх людзей – якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
У межах сустрэчы удзельнікам былі прадстаўлены тры канферэнцыі. З канферэнцыяй “Катэхет – апостал і вучань” выступіў а. Віктар Бохан CSsR з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Ён між іншым звярнуў увагу на тое, што ў дзейнасці катэхета важна перш за ўсё самому быць вучнем. Галоўным сваім настаўнікам, па словах святара, трэба мець Езуса Хрыста, гэта дазволіць будаваць асабістыя адносіны з Богам як з Айцом і быць прыкладам для выхаванцаў.
Айцец Віктар падкрэсліў, што дзецям і моладзі вельмі важна бачыць, што катэхет не проста вучыць праўдам веры, а жыве гэтымі праўдамі сам: тады размовы пра Бога будуць успрымацца інакш.
У наступнай канферэнцыі кс. Віталій Сідорка, пробашч парафіі св. Юзафа Рамесніка і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка, разважаў над тэмай “Асабісты пошук Бога як шлях даверу да вучэння Касцёла”.
Святар закрануў праблематыку неэфектыўнасці працэсу катэхізацыі. Ён адзначыў, што ў свеце, дзе развіваецца секулярызацыя, з якой вынікае павярхоўны падыход да жыцця, бацькі не заўсёды разумеюць важнасць катэхізацыі ў жыцці дзяцей, і існуе таксама недавер да Касцёла сярод католікаў.
«У такіх умовах важна тое, каб урок рэлігіі ішоў у пары з асабістай сустрэчай з дзецьмі і моладдзю, у літаральным і пераносным сэнсе,» — сказаў кс. Віталій і дадаў, што ў катэхізацыі важна ўмець проста быць побач з дзецьмі, пакідаць у іх дотык Бога, умець дакрануцца да іх сэрцаў, пакуль яны наведваюць урокі рэлігіі. Па словах святара, менавіта асабістае сведчанне, нефармальны час разам з катэхетамі, пілігрымкі, нейкія пабожныя акцыі часцей за ўсё памятаюць дарослыя, якія раней наведвалі катэхетычныя заняткі.
У межах двухдзённай сустрэчы была таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі ўдзельнікі маглі прыступіць да споведзі.
Сустрэча завяршылася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Казанне прамовіў а. Аляксандр Махнач SchP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Спачатку ён прыгадаў словы Папы Францішка аб тым, што вучыць людзей любіць Хрыста – адна з найбольшых прыгодаў і што Хрыстус абяцаў заўсёды быць са сваімі вучнямі. Святар адзначыў важнасць асабістай фармацыі катэхетаў і засяродзіў увагу на яе адзінаццаці фундаментальных прынцыпах.
На заканчэнне біскуп Кашкевіч падзякаваў удзельнікам за прыбыццё на гэтую сустрэчу на парозе Вялікага посту і за штодзённую катэхізацыю дзяцей і моладзі. Іерарх выказаў удзячнасць арганізатарам сустрэчы – Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яе дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!