18 студзеня 2023 года, завяршаючы агульную аўдыенцыю, Святы Айцец нагадаў аб распачатым Тыдні малітваў аб адзінстве хрысціян і заклікаў да дзеянняў у гэтым кірунку.
“На пачатку Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян заахвочваю кожнага з вас маліцца і дзейнічаць, каб шлях да поўнай камуніі быў умацаваны паміж усімі тымі, хто верыць у Хрыста, і ў той жа час я заклікаю вас з поўнай адданасцю і ў любым жыццёвым асяроддзі ўдзельнічаць у пашырэнні згоды і міру”, — звярнуўся да вернікаў Папа.
Ён спаслаўся на абстрэл расійскімі войскамі жылога дома ў горадзе Дніпр ва Украіне. “Не забываймася маліцца за змучаную Украіну, якая так патрабуе салідарнасці, суцяшэння і, перш за ўсё, міру. У мінулую суботу новы ракетны абстрэл забраў жыцці многіх мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей. Раздзяляю нясцерпны боль родных. Вобразы і сведчанні гэтай трагічнай падзеі з’яўляюцца моцным заклікам да сумлення ўсіх. Нельга заставацца абыякавым!”, — сказаў Папа Францішак.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
