З 7 па 10 верасня 2022 года будзе праходзіць сустрэча папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў. Раз на тры гады, па рашэнні Папы Францішка, нунцыі збіраюцца разам у Ватыкане.
Форум распачаўся ў сераду раніцай канцэлебраванай Імшой, якую ўзначаліў кардынал П’етра Паралін у Харальнай капліцы базылікі святога Пятра. Першы дзень будзе прысвечаны размовам з кіраўніцтвам Дзяржсакратарыята і Рымскай курыі, ён завершыцца сустрэчай з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе.
Чацвер пройдзе ў прысутнасці Папы Францішка. Раніцай ён прыме нунцыяў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы, а ўвечары возьме ўдзел ва ўрачыстых Нешпарах у Сікстынскай капэле.
У пятніцу дзень будзе прысвечаны працы ў групах, падзеленых па кантынентах, а ў суботу, пасля канцэлебраванай Імшы, якую ўзначаліць Святы Айцец у капліцы Дома святой Марты, далей працягнуцца дыскусіі і праца. Сустрэча завершыцца апоўдні медытацыяй пад кіраўніцтвам Апостальскага нунцыя Анджэла Ачэрбі.
У форуме прымаюць удзел кіраўнікі Дзяржсакратарыята, 91 нунцый і 6 пастаянных назіральнікаў. 5 папскіх прадстаўнікоў не змаглі прыбыць на сустрэчу па стане здароўя ці іншых прычынах.
У дыпламатычнай службе Святога Пасаду, акрамя вышэйзгаданых асоб, у нунцыятурах і Дзяржсакратарыяце на дыпламатычных пасадах працуюць 167 супрацоўнікаў. 4 студэнты Папскай касцёльнай акадэміі, пасля заканчэння адукацыі, праводзяць так званы місійны год за мяжой, устаноўлены Францішкам.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!