Над пытаннем “Чым я падобны да Закхея?” разважала моладзь у Оршы

З 28 па 31 сакавіка ў Оршы адбыўся курс “Закхей” для школьнай моладзі з Барысава, Жодзіна, Полацка, Глыбокага і Оршы.

Кожныя канікулы рэкалекцыйны дом у Оршы, звычайна заняты толькі ў выходныя, ажывае амаль на тыдзень – моладзь з розных куткоў Беларусі збіраецца ў ім, каб разам паглыбляць сваё хрысціянскае жыццё і разважаць над пытаннем “Чым я падобны да біблійнага Закхея?” І, што самае цікавае, кожны раз (а сустрэчы курса “Закхей” доўжацца ўжо шосты год) знаходзяцца новыя і новыя адказы на гэтае пытанне. Сапраўды, ці я — Закхей, які забыўся на гонар і камфорт, каб толькі наблізіцца да Бога? Ці я той, хто асуджаў яго выбар прынізіцца? Ці, можа, я той, хто з-за ўласнай крыўды гатовы асудзіць Езуса за ўвагу да мытніка?..

Безумоўна, гэта ўсё глыбока асабістыя пытанні, адказы на каторыя кожны з удзельнікаў захаваў у сваім сэрцы і забраў дадому. Але ёсць тое, што ўсё ж такі можна выказаць. Радасць, цікавасць і ўдзячнасць.

Радасць з таго, што нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на атмасферу ўсеагульнай разглубленасці, застаюцца месцы, свабодныя ад страху, сораму і роспачы. Нават перыяд Вялікага посту, насамрэч, зусім не азначае, што мы павінныя, прысыпаныя попелам, сорак дзён мучыцца, каяцца і пражываць увесь спектр найгоршых эмоцый. Вялікі пост – гэта глыбокае перажыванне таямніцы мукі і ўкрыжавання Пана, але, у адрозненні ад апосталаў, якія перажывалі апошнія зямныя дні Хрыста з ім на зямлі, мы ведаем, што наперадзе – Уваскрасенне, а таму пражываем гэты перыяд з цёплай надзеяй на перамогу Святла і Дабра. Безумоўна, не было гэтым разам на “Закхеі” традыцыйных танцаў, а замест вечара вясёлага быў вечар паэтычны, дзе кожны ўдзельнік дзяліўся вершам, які яго кранае, гісторыяй, ад якой на душы робіцца лягчэй, спевам, які сагравае, калі на красавіцкую траву кладзецца снег.

Цікавасць напрацягу “Закхея” ўвесь час распальвалася дзякуючы таму, што малітвы і адпачынак дапаўняліся канферэнцыямі на актуальную для падлеткаў тэму — “Межы”. Можа падацца, што канікулы – не лепшы час, каб разважаць сур’ёзныя псіхалагічныя і тэалагічныя пытанні, але, на жаль, некаторыя рэчы не распавядуць у школе. Тады на дапамогу прыходзіць духоўная школа, якой, я думаю, можна з упэненасцю назваць курс “Закхей”. З адной толькі папраўкай – ад “Закхея” амаль немагчыма стаміцца. І вось, здаецца, ён толькі нядаўна скончыўся, а шмат хто ўжо марыць прыехаць на летнюю сустрэчу.

Удзячнасць – слова, якое можа коратка апісаць тое, пра што сведчаць шматлікія водгукі ўдзельнікаў. Мы дзякуем Богу за магчымасць пазнаваць Яго глыбей, мы дзякуем арганізатарам за магчымасць збірацца разам і адчуваць сябе ў рэкалекцыйным доме ў Оршы як дома, мы дзякуем аніматарам за цікавую праграму, мы дзякуем адзін аднаму за прыняцце, паразуменне і еднасць.

Асаблівым чынам хацелася б вылучыць ахвярную працу духоўных асобаў: айцоў марыянаў Іллі Саўчанка (Орша) і Яна Чупрынскага (Жодзіна), ксяндза Яўгена Шымановіча (Орша), сястры Ліліі Дарожка SJE (Слабодка), якія арганізоўвалі гэты курс і сваім служэннем сведчылі пра прыгажосць жыцця з Богам у штодзённасці.

Безумоўна, нельга скласці ўражанне ад курса, толькі прачытаўшы матэрыял і водгукі ўдзельнікаў, таму шчыра запрашаем тых, каго кранаюць пытанні кшталту “хто я?” і “хто такі Бог?” далучыцца да нас летам! Ну, а калі вы ўжо не адносіце сябе да школьнай моладзі, то раім вам прыглядзецца да іншых курсаў, які прапануе рэкалекцыйны дом у Оршы.

Сведчанні ўдзельнікаў:

Ганна Фёдарава: «Для мяне «Закхей» — гэта абдымкі любові. Я толькі выехала, а ўжо мару аб тым, як вярнуся туды зноў. Магчымасць прабывання ў супольнасці — гэта заўсёды вялікі падарунак, але таксама і выклік, бо толькі ў супольнасці можна навучыцца быць “нармальным” чалавекам, навучыцца сапраўднай любові. Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што Ён даў мне магчымасць служыць на гэтым курсе, бо праз служэнне я бачу так шмат праўды пра сябе і так шмат святла ў іншых, што ніякіх словаў не хопіць, каб гэта акрэсліць. Я ўдзячная Богу, асабліва за дар еднасці, які так дасканала адкрываецца, калі мы збіраемся разам».

Вольга Кулік: «У свой час я сама прыйшла да Бога, дзякуючы падобнаму моладзеваму каталіцкаму курсу. Тады для мяне было важным трапіць у атачэнне такой добрай, адкрытай, актыўнай веруючай моладзі. Таму зараз для мяне кожны “Закхей” з’яўляецца каштоўнай магчымасцю дапамагчы камусьці з моладзі сустрэцца з жывым Богам і зрабіць крок у будаванні з Ім жывых адносінаў, бо калісьці і мне самой у гэтым вельмі дапамаглі.»

Ілля Шаўчук: «Курс “Закхей” — это семья, это множество людей, которые за короткое время становятся настолько родными, что с курса совсем не хочется уезжать. Также “Закхей” — это место для молитвы, разговора с Богом, отдых для моей души!»

Павел Аўхукоў: «Для мяне курс “Закхей” — гэта ў першую чаргу адносіны з Богам, атрыманне новай інфармацыі, новыя знаёмствы, а таксама сяброўства з людзьмі з іншых парафій».

Марыя Булах: «Для мяне курс “Закхей” — гэта моцны, але вельмі цёплы дождж, які змывае ўсё дрэннае і аднаўляе жыццё. Гэтая жывая вада робіць зямлю майго сэрца добрай для зерня, якое я атрымліваю падчас гэтага курсу. Спадзяюся, што ён прынясе багаты плён.
“Закхей” — гэта месца сілы і прысутнасці Бога. Я заўсёды адчуваю дотыкі да майго сэрца, знаходжуся нібыта ў Яго абдымках.
Малітвы, канферэнцыі, размовы, споведзь і гульні застануцца ў маёй памяці назаўсёды. Я вельмі ўдзячная арганізатарам за такую цудоўную магчымасць пазнаваць Бога, сябе і новых людзей».

Станіслаў Бервячонак: «Для меня курс “Закхей” — это время духовного и физического отдыха. Время, наполненное знакомствами, молитвами и играми. Каждый, кто приезжает сюда, желает стать ближе к Богу как когда-то хотел этого Закхей (начальник мытарей, богатый человек, удостоившийся особого внимания от Иисуса Христа). После нескольких дней, проведённых вместе, не знавшие друг друга ребята становятся одной большой семьёй. Этот курс поможет тебе сделать “духовные запасы”, которые пригодятся в будущем. Советую каждому принять участие в “Закхее”!»

Аляксандр Кірыленка: «Для мяне «Закхей» з’яўляецца цудоўным месцам, у якім можна паяднацца з Богам, а таксама паслухаць канферэнцыі, на якіх разглядаюцца сур’ёзныя тэмы, якія не заўсёды можна пачуць у школе або паразмаўляць на іх з бацькамі. Таксама гэтыя канферэнцыі потым можна абмеркаваць у невялічкіх групках і паразважаць над імі глыбей. «Закхей» — гэта курс, на якім ты таксама абавязкова атрымаеш новыя знаёмствы з добрымі людзьмі. Далучайцеся да нас!»

Марта Рудая: «Для мяне “Закхей” — гэта месца для духоўнага адпачынку і малітвы. Курс вельмі ўмацоўвае веру і адносіны з Богам. На “Закхеі” адцягваешся ад праблем і знаходзіш адказы на шматлікія пытанні, а таксама новых сяброў з іншых парафій, такіх жа хрысціянаў, як і ты.»

Міхаіл Тарасаў: ««Закхей» является для меня местом, где я могу отдохнуть, где я могу быть самим собой, где я открываю для себя что-то новое, где я нахожусь с моими ровесниками, где можно почувствовать тепло сердец, где находится все мои чувства…»

Аляксандра Гаўрыльчык: «Для меня курс «Закхей» — это время, проведённое с Богом. Это знакомства с разными людьми, открытие для себя чего-то нового, нахождение ответов на свои вопросы через свидетельства и конференции. Это адорации, танцы, интересные задания и работа в группе. «Закхей» — это то место, откуда не хочется уезжать».

Вольга Глімакова: «Закхей» — гэта час паглыблення ў веры і спазнання Божага слова. Гэты курс дапамагае ўзвысiцца над справамi штодзённымi i пазнаваць ласку Бога. Пазнаючы курс «Закхей» — паглыбляеш свае духоўныя веды.

Маргарыта Аранская: «Для мяне «Закхей» —  гэта ў першую чаргу духоўнае развіццё. Мне вельмі падабаюцца катэхезы, бо такім чынам даведваешся нешта новае і ўмацоўваеш сваю веру. Асаблівае месца ў маім сэрцы займаюць адарацыі з цудоўнай музыкай. Гэта нельга апісаць словамі, гэта можна толькі перажыць. Ну і я не магу не сказаць пра людзей, таму што за гэтыя чатыры дні мы сталі сапраўднай сям’ёй, дзе ўсе адзін аднаго падтрымліваюць і дапамагаюць».

Паліна Грыб

для друку для друку