У Мінску будзе прадстаўлены спектакль-драма «Святар»

Салезіянская моладзь і дарослыя праз тэатральную гульню, спеў і танец распавядуць пра жыццё, дзейнасць і мучаніцкую смерць салезіяніна кс. Уладзіслава Вячорка, які ахвярна служыў вернікам у в. Параф’янава, што на Віцебшчыне.

Прэм’ера адбудзецца 30 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боска ў Мінску, Пляханава 28-1. Спектакль распачнецца пасля ўрачыстай Эўхарыстыі а 10-й гадзіне ў мінскім касцёле Св. Яна Хрысціцеля, якую ўзначаліць мітрапаліт-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.


Кс. Уладзіслаў Вячорэк SDB нарадзіўся 2 красавіка 1903 года ў Малой Туры каля Рыбніка (Польшча). Вучыўся ў нямецкай школе ў Ядлоўніку. Працаваў на шахце па здабычы каменнага вугля. Скончыў Дзяржаўную настаўніцкую семінарыю ў Вэнграве. Вучыўся ў школе ў Бзе. У 1924 годзе скончыў аспірантуру ў Ружаныстоку. Навіцыят праходзіў у 1925–1926 гадах у Чэрвінску. 26 верасня 1926 года склаў першыя манаскія абяцанні. Праходзіў курс філасофіі ў Кракаве. 26 верасня 1929 года склаў вечныя манаскія абяцанні. Як клерык выехаў на місію ў Кітай, але па прычыне праблемаў са здароўем вярнуўся ў Польшчу. Святарскае пасвячэнне прыняў 21 чэрвеня 1936 года ў Кракаве з рук біскупа Станіслава Распонды. Працаваў катэхетам у салезіянскім цэнтры на вул. Добрай Рады ў Вільні, а пасля такую ж пасаду заняў у рамеснай школе ў Дварцы. Пасля таго як савецкая ўлада ліквідавала дом у Дварцы, выехаў у Вільню і стаў кіраўніком сталярнай школы. Адклікнуўся на просьбу арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага і прыняў удзел у «місіі Усход». Працаваў у Барысаве, Зембіне, Параф’янаве. 29 чэрвеня 1942 года быў арыштаваны гестапа за душпастырскую і катэхетычную дзейнасць і пасаджаны ў турму ў Беразвеччы. Расстраляны з групай святароў і свецкіх вернікаў 4 ліпеня 1942 года ў Барку каля Беразвечча.

для друку для друку